Белорусский портал в Казахстане

Новыя ўспышкі афрыканскай чумы свіней зарэгістраваны ў Літве



Пра гэта паведамілі ў дэпартаменце ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі.

Новыя ўспышкі асабліва небяспечнага захворвання - афрыканскай чумы свіней - зарэгістраваны на тэрыторыі Вільнюскага павета Літвы.

Увоз і транзіт свініны з Літвы Беларусь часова абмежавала ў канцы чэрвеня 2014 года. Рашэнне было прынята з улікам інфармацыі Міжнароднага эпізаатычнага бюро. Таму цяпер дэпартамент інфармуе аб неабходнасці прыняцця дадатковых мер па недапушчэнні ўвозу на тэрыторыю Беларусі з Літвы жывых свіней, спермы кныроў, свініны, у тым ліку ад дзікоў, і прадуктаў яе перапрацоўкі, скураной, рогакапытнай і кішачнай сыравіны, шчаціння, паляўнічых трафеяў, атрыманых ад успрымальных відаў жывёл, кармоў і кармавых дабавак для жывёл жывёльнага паходжання, у тым ліку з птушкі і рыбы, кармавых дабавак для катоў і сабак, а таксама гатовых кармоў для катоў і сабак, якія не прайшлі тэрмічную апрацоўку (тэмпература не ніжэйшая за плюс 70 градусаў, час апрацоўкі не менш як 20 хвілін), вырабленых з сыравіны, што паходзіць з Літвы, былога ва ўжыванні абсталявання для ўтрымання, забою і разбірання свіней. Што датычыцца непасрэдна Вільнюскага павета, то абмежаванні таксама распаўсюджваюцца на ўвоз кармоў і кармавых дабавак для жывёл расліннага паходжання.

Адначасова неабходна прыняць меры па кантролі за забеспячэннем біялагічнай аховы буйных беларускіх свінагадоўчых комплексаў, а таксама свінагадоўчых ферм і гаспадарак усіх форм уласнасці. 

Афрыканская чума свіней (хвароба Мантгомеры) - кантагіёзнае віруснае захворванне свойскіх свіней і дзікоў. Захворванне перадаецца пры прамым кантакце здаровых і хворых жывёл, праз прадукты са свініны, кляшчамі і механічна (транспартнымі сродкамі, пры перамяшчэнні жывёл). Вакцыны ад гэтага захворвання няма. Амаль усё пагалоўе хворых свіней гіне. Жывёлы з падазрэннем на захворванне знішчаюцца. Для чалавека АЧС бяспечная.

30 верасня 2014, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-402/59/27657
Текущая дата: 26.11.2024