Белорусский портал в Казахстане

Аналагі таксама не пройдуць



З 20 кастрычніка ў Беларусі ўступае ў сілу Закон "Аб наркатычных сродках, псіхатропных рэчывах і іх прэкурсорах" у новай рэдакцыі.

З 20 кастрычніка ўступае ў сілу Закон "Аб наркатычных сродках, псіхатропных рэчывах і іх прэкурсорах" у новай рэдакцыі, якая ўводзіць паняцце "аналагі наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў", вызначае парадак транспарціроўкі на тэрыторыі нашай краіны прэпаратаў, якія змяшчаюць наркарэчывы, а таксама забараняе прапаганду наркасродкаў, псіхатропаў і іх аналагаў.

Паводле слоў намесніка начальніка ўпраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Васіля Лосіча, новаўвядзенні абумоўлены неабходнасцю больш аператыўнага рэагавання на з`яўленне новых відаў наркотыкаў. У апошнія гады Беларусь, як і іншыя краіны свету, сутыкнулася з праблемай распаўсюджвання курыльных сумесяў, якія змяшчаюць сінтэтычныя канабіноіды і не падлягаюць дзяржаўнаму кантролю. Іх вырабляюць шляхам нязначнага змянення малекулярнай структуры кантралюемых рэчываў, у выніку чаго з`яўляюцца новыя. Па гэтай прычыне і было прапанавана ўвядзенне паняцця "аналагі наркатычных сродкаў і псіхатропаў". Такім чынам, цяпер свабодны абарот рэчываў сінтэтычнага або натуральнага паходжання, хімічная структура і вартасці якіх падобныя на тыя, што маюць наркотыкі, будзе забаронены. Пасля пэўнай працэдуры па ідэнтыфікацыі і ўнясенні аналага ў спіс забароненых, кантралюемых дзяржавай, рэчываў, можна будзе гаварыць аб крымінальнай адказнасці, якая ёсць і ў дачыненні да наркотыкаў.

Сёлета органы ўнутраных спраў выявілі звыш 3 тысяч злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў. Канфіскавана каля 168  кг наркарэчываў і каля 10 кг псіхатропаў. Спынена дзейнасць 50 наркапрытонаў. Калі ў 2005 годзе дзейнасць спынілі 2 падпольныя наркалабараторыі, то ў гэтым ужо выяўлена 7 і 9 памяшканняў, прыстасаваных для вырошчвання канапель і вытворчасці наркотыкаў расліннага паходжання.

Эксперты МУС прагназуюць далейшыя змены структуры наркарынку за кошт павелічэння долі высокаканцэнтраваных сродкаў і прэпаратаў, з`яўлення раней невядомай "сінтэтыкі".

Святлана Барысенка
Звязда, 16 кастрычніка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-402/68/16901
Текущая дата: 26.11.2024