Белорусский портал в Казахстане

У раёне стыку межаў Беларусі, Польшчы і Літвы знойдзены лагер нелегальных мігрантаў



Ноччу 12 верасня падчас рэалізацыі аператыўнай інфармацыі ў лясным масіве на подступах да стыку межаў Беларусі, Польшчы і Літвы гродзенскімі пагранічнікамі знойдзены лагер нелегальных мігрантаў.

Як паведамілі ў прэс-цэнтры Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі, у лагеры знаходзіліся 36 грамадзян В`етнама ва ўзросце каля 30 гадоў. Пры сабе ў затрыманых не было ні грашовых сродкаў, ні дакументаў, якія б сведчылі асобу.

У мерапрыемствах па пошуку і затрыманні парушальнікаў былі задзейнічаны падраздзяленні Гродзенскай міліцыі.

Першасным разборам устаноўлена, што на тэрыторыю Беларусі мігранты трапілі незаконна і рыхтаваліся да парушэння мяжы.

Іншаземцы прыбылі ў Беларусь з Масквы, куды ў розны час дабіраліся чыгуначным транспартам з Ханоя. У некаторых з іх у расійскай сталіцы ўжо пражывалі сваякі, якія дапамагалі наймаць часовае жыллё і працаўладкоўваць мужчын рознарабочымі на рынках, а жанчын — нянечкамі.

З Масквы група прыбыла на аўтобусе, на тэрыторыі Беларусі не спынялася, а накіроўвалася непасрэдна да мяжы. Лагер нелегалы разбілі за 6 км ад лініі мяжы, не даходзячы да пагранічнай зоны, у надзеі на тое, што такім чынам яны будуць менш прыцягваць да сябе ўвагу.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 13 верасня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-402/69/16372
Текущая дата: 26.11.2024