Аналітыкі прызнаюць, што такі паварот падзей іх зьдзівіў і яны зь цяжкасьцю могуць яго растлумачыць. У любым выпадку прызнаюць, што, пачуўшы пра такую падтрымку, стратэгічны інвэстар у літоўскую АЭС можа запатрабаваць ад ураду дадатковых гарантыяў, перадае DELFI.
"Такое ўхваленьне было б немалым ударам па Літве, паколькі чым больш АЭС будзе побач зь Літвой, тым горш будзе ня толькі ў пляне небясьпекі, але і ў пляне канкурэнцыі, бо новай АЭС будзе складана працаваць прыбыткова", — сказаў DELFI палітычны аглядальнік Кястуціс Гірнюс.
Ён адзначыў, што падтрымка з боку ЗША дапаможа беларускаму праекту, бо цяпер Беларусі было б складана пабудаваць АЭС без адмысловай дапамогі, а ў Расеі яна грошай, хутчэй за ўсё, не атрымае. Таксама невядома, ці ўдалося б ёй прыцягнуць замежных інвэстараў.
Аднак такі посьпех беларусаў ускладніць намаганьні літоўцаў.
"Мяне крыху зьдзівіла б, калі б ЗША не гаварылі зь літоўскім урадам і літоўскі ўрад ня выказаў бы думкі пра тое, ці адпавядае гэтая электрастанцыя інтарэсам Літвы", — сказаў аглядальнік.
Наагул ён мяркуе, што заява ЗША "дзіўна гучыць" і не спадабаецца Маскве.
"Маскву гэта ня вельмі ўзрадуе, паколькі АЭС зробіць Беларусь больш незалежнай у энэргетычным пляне", — сказаў Гірнюс.
На пытаньне, якія гэта будзе мець наступствы для Літвы, палітоляг сказаў, што выяўленая ЗША падтрымка можа прывесьці да будоўлі меншай АЭС у Літве і да таго, што інвэстар запатрабуе большых гарантыяў.
"Думаю, што інвэстар зможа патрабаваць, каб Літва забясьпечыла, каб Латвія, Эстонія і Польшча закуплялі пэўную колькасьць электраэнэргіі. Для інвэстара гэта будзе вельмі важна, што ён зможа прадаваць сваю прадукцыю, а чым больш АЭС будзе побач, тым верагодней, што ён будзе патрабаваць дадатковых гарантыяў", — сказаў Гірнюс.
Аглядальніка зьдзівіла пасьпешлівасьць, зь якой было паведамлена аб падтрымцы.
"Магчыма, з розных, мне не зусім зразумелых прычын ЗША маглі б вырашыць падтрымаць АЭС, але чаму яны ў такой сьпешцы публічна пра гэта заявілі, незразумела. Можна неафіцыйна даць знаць, а потым заявіць афіцыйна", — сказаў ён.
Дырэктар "Цэнтру геапалітычных дасьледаваньняў" Грэта-Моніка Тучкуце лічыць, што больш дэталяў у сувязі з матывамі такога ўчынку стане вядома цягам месяца.
"Цяжка камэнтаваць, бо няма шырэйшага кантэксту. Рашэньні амэрыканцаў у такіх выпадках досыць сур`ёзна асэнсаваныя і ўзважаныя. Гэта не здараецца проста так. Нам проста трэба крыху пачакаць, да прыкладу, месяц, і паглядзець, што будзе далей, бо пакуль гэта нагадвае рэзкае зьмяненьне дыскурсу", — сказала яна.
Пасьля сустрэчы дзяржсакратара ЗША Гілары Клінтан і міністра замежных спраў Сяргея Мартынава, якая прайшла 1 сьнежня ў Астане ў рамках саміту АБСЭ, МЗС Беларусі паведаміў, што "Беларусь абвясьціла пра намер дывэрсыфікаваць сваё энэргетычнае забесьпячэньне шляхам будаўніцтва сваёй першай АЭС цывільнага прызначэньня. ЗША падтрымліваюць гэтую дзейнасьць, якая ўключае ў сябе працэс праектаваньня на ўмовах спаборніцтва і будаўніцтва надзейнай і бясьпечнай станцыі, якая дзейнічае ў адпаведнасьці з гарантыямі МАГАТЭ. ЗША таксама падтрымліваюць намаганьні Беларусі ў справе як найхутчэйшай рэалізацыі гэтага камэрцыйнага праекту".
02 сьнежня 2010
Радыё Свабода