Белорусский портал в Казахстане

Мытны саюз



Пасол Казахстана ў Беларусі выключае ўзнікненне ў Мытным саюзе праблем з пастаўкай якіх-небудзь тавараў

Пасол Казахстана ў Беларусі выключае ўзнікненне ў Мытным саюзе праблем з пастаўкай якіх-небудзь тавараў у бягучым годзе. Аб гэтым Анатоль Смірноў паведаміў сёння журналістам перад пачаткам міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі па пасланню Прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева да казахстанскага народа. Гэта мерапрыемства праходзіць сёння ў Выканкаме СНД у Мінску.

"Упэўнены, ніякіх праблем з пастаўкамі цукру, мяса, іншых тавараў быць не павінна, - сказаў дыпламат. - Цяпер усе аспекты дзейнасці Мытнага саюза актыўна прапрацоўваюцца на ўзроўні розных рабочых груп, да 1 ліпеня пытанні будуць вырашаны".

Адказваючы на пытанне аб магчымых перспектывах далучэння да МС іншых дзяржаў, акрамя Беларусі, Казахстана і Расіі, Анатоль Смірноў адзначыў: "Мытнаму саюзу не трэба спяшацца з пашырэннем: яму спачатку трэба ўмацавацца ў цяперашнім фармаце". Пасол дадаў, што ў больш аддаленай перспектыве "мы, вядома ж, хацелі б бачыць у Мытным саюзе Украіну, а таксама краіны Цэнтральнай Азіі".

Анатоль Смірноў падкрэсліў, што як Беларусь, так і Казахстан разглядаюць МС у якасці пераходнага этапа да Адзінай эканамічнай прасторы, якая павінна пачаць функцыянаваць у 2012 годзе. "Менавіта гэта інтэграцыйнае ўтварэнне забяспечыць свабоднае перамяшчэнне рабочай сілы, усіх тавараў і паслуг", - нагадаў ён.

На першым этапе станаўлення Мытнага саюза Казахстан лічыць вельмі важнай дзяржаўную падтрымку малога і сярэдняга бізнесу. Менавіта гэтай тэме ўдзелена значная ўвага ў пасланні Прэзідэнта Нурсултана Назарбаева. Кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача давесці долю прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу ў ВУП Казахстана да 40 працэнтаў.

Мінск
Уладзімір Васількоў
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-402/91/269
Текущая дата: 25.11.2024