У чэрвені 2014 г. пры падтрымцы “ЗБС “Бацькаўшчына” пры Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва паўстала навукова-творчая ініцыятыва “Цэнтр камплектавання і вывучэння дакументальнай спадчыны беларускага замежжа”.
Шаноўнае спадарства!
Беларуская прысутнасць у замежжы налічвае стагоддзі. Актыўнае ж стварэнне і дзейнасць структур беларускай дыяспары ідзе ад пачатку ХХ ст. Арганізацыі, цэрквы, творчыя калектывы, суполкі дзейнічаюць сёння ў больш як 20 краінах свету. На жаль, у Беларусі найчасцей толькі спецыялісты ведаюць пра дасягненні і значнасць дзейнасці беларусаў замежжа для ўсёй беларускай нацыі. Толькі некаторыя імёны і падзеі беларускага замежжа апошнімі гадамі вяртаюцца ў супольную беларускую скарбонку. Для гісторыі, сучаснасці і будучыні нашай нацыі надзвычай важна, каб сведчанні гэтай дзейнасці збіраліся, захоўваліся, даследаваліся, вывучаліся і папулярызаваліся ў Беларусі.
З гэтай мэтай у чэрвені 2014 г. пры падтрымцы “ЗБС “Бацькаўшчына” пры Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва паўстала навукова-творчая ініцыятыва “Цэнтр камплектавання і вывучэння дакументальнай спадчыны беларускага замежжа”.
Цэнтр мае на мэце наладзіць сістэматычны збор дакументаў, друкаў, любых артэфактаў, што ствараліся і ствараюцца беларусамі па-за межамі Беларусі. Будзе наладжаная праца па своечасовай апрацоўцы і сістэматызацыі гэтых архіваў, дзякуючы чаму даследчыкі атрымаюць больш поўную і адэкватную інфармацыю пра дзейнасць беларускіх арганізацый за мяжой. Аднак паспяховасць гэтай місіі наўпрост залежыць ад зацікаўленасці і саміх арганізацый беларускага замежжа.
У сувязі з гэтым звяртаемся да ўсіх суполак замежжа з просьбай-заклікам дасылаць у Цэнтр камплектавання і вывучэння дакументальнай спадчыны беларускага замежжа ўсё, што тычыцца публічнай дзейнасці: дакументы, абвесткі, улёткі, праграмы мерапрыемстваў, друкаваныя выданні, арганізацыйныя дакументы і іншае — усё, што дапаможа будучым даследчыкам вывучаць вашую дзейнасць і такім чынам захоўваць і фіксаваць гісторыю беларускага замежжа.
Надзвычай важна, каб у Цэнтр перадаваліся не толькі архіўныя матэрыялы, але і тыя, што тычацца сучаснай дзейнасці.
Заклікаем прыватных асобаў — творчых і грамадскіх дзеячаў — перадаваць у Цэнтр свае ўласныя архівы. Яны каштоўныя для даследчыкаў!
Заклікаем прыватных асобаў — творчых і грамадскіх дзеячаў — перадаваць у Цэнтр свае ўласныя архівы. Яны каштоўныя для даследчыкаў!
Свае архіўныя зборы ўжо перадалі вядомыя дзеячы замежжа Масей Сяднёў, Алесь Алехнік, Янка Запруднік, Вітаўт Кіпель, Аляксей Каўка і іншыя. У 2014 г. у архіў была перададзеная вялікая калекцыя дакументаў Беларускага інстытута навукі і мастацтва (Нью-Ёрк).
Дасылаць ці перадаваць дакументы і матэрыялы просім на адрас:
Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва
Вул. Кірыла і Мефодзія, 4.
220030, Мінск
Беларусь
Тэл.: +375(17)3274781.
E-mail: nhardzijenka@gmail.com; bdamlim@tut.by.
Супольнымі намаганнямі мы зможам захаваць памяць пра беларускую прысутнасць у свеце і зрабіць беларусаў замежжа больш бачнымі і сучаснікам, і нашчадкам А імёны людзей, што перадалі архівы і навіны дзейнасці Цэнтра, мы будзем публікаваць на сайце Згуртавання “Бацькаўшчына” і ў бюлетэні “Беларусы ў свеце”.
Наталля Гардзіенка,
Старшыня Цэнтру, сябра Рады і Управы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
З павагай,
Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Да ведама: “Цэнтр камплектавання і вывучэння дакументальнай спадчыны беларускага замежжа” — архіўная кансультацыйная і даследчая структура, прызначаная для садзейнічання выяўленню, захаванню, апісанню, вывучэнню і папулярызацыі дакументальнай спадчыны беларускага замежжа (больш інфармацыі пра яе можна знайсці на сайце: http://bdamlm.by/centr-kamplektavannya-i-vyvuchennya-dakumentalnay-spadchyny-belaruskaga-zamezhzha/)
Будзем удзячныя за яго публікацыю ў сацсетках і на вашых сайтах.
Будзем удзячныя за яго публікацыю ў сацсетках і на вашых сайтах.
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-403/2/29614
Текущая дата: 15.11.2024