Белорусский портал в Казахстане

Цэнтры культуры Беларусі будуць адкрывацца за мяжой



Цэнтры культуры Беларусі будуць адкрывацца за мяжой. Гэта прадугледжана планам мерапрыемстваў па рэалізацыі ініцыятыў, прапанаваных удзельнікамі адбыўшагася ў Мінску ў мінулым годзе V З`езда беларусаў свету, - пра гэта паведамілі ў Міністэрстве культуры Беларусі.

Такія цэнтры, у тым ліку грамадскія бібліятэкі беларускай літаратуры, могуць быць створаны ў розных краінах свету. У бліжэйшых планах прапрацоўка магчымасці стварэння культурных цэнтраў Беларусі ў Расіі, Літве і іншых дзяржавах.

На працягу 2011 года плануецца падрыхтаваць тэкставыя і фотаматэрыялы, вызначыць тыраж шляхам збору заявак і выпусціць навукова-папулярную кнігу аб гісторыі і культуры Беларусі. Адрасатам гэтага выдання стануць грамадскія аб`яднанні беларусаў замежжа, бібліятэкі ў месцах кампактнага пражывання этнічных беларусаў.

План мерапрыемстваў прадугледжвае пастаянную дапамогу беларускім аб`яднанням, створаным за мяжой, у правядзенні мерапрыемстваў, звязаных з дзяржаўнымі святамі і памятнымі датамі Рэспублікі Беларусь, забеспячэнне іх дзяржаўнай сімволікай, інфармацыйнымі матэрыяламі. У такіх мерапрыемствах будуць прымаць удзел творчыя калектывы, дзеячы культуры і прадстаўнікі дзяржаўных органаў.

Акрамя таго, творчыя калектывы беларускага замежжа не застануцца без увагі ў пытаннях забеспячэння нацыянальнымі сцэнічнымі касцюмамі, метадычнымі дапаможнікамі, аўдые- і відэаматэрыяламі аб нацыянальных святах. Яны будуць таксама жаданымі ўдзельнікамі ў фестывалях, святах і выстаўках, якія праводзяцца на радзіме. Па запрашэннях беларускіх аб`яднанняў замежжа выкладчыкі з Беларусі будуць праводзіць майстар-класы ігры на нацыянальных музычных інструментах, а кіраўнікі мастацкіх калектываў і выканаўцы - прадстаўнікі беларускага замежжа - змогуць стажыравацца, удзельнічаць у семінарах у Беларусі. Такой пастаяннай базай па павышэнню кваліфікацыі для кіраўнікоў мастацкіх калектываў, народных майстроў стане Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтва.

На пастаяннай аснове плануецца правядзенне грантавай палітыкі падтрымкі праграм захавання і развіцця нацыянальнай культуры беларускай меншасцю ў іншых краінах. Будуць аб`яўляцца конкурсы на лепшыя праграмы, накіраваныя на захаванне і развіццё беларускай культуры замежжа сярод вучоных, мастацкіх калектываў, майстроў традыцыйнай культуры і г.д.

Прадстаўнікі беларускага замежжа стануць удзельнікамі міжнародных маладзёжных лагераў, а таксама спартыўных спаборніцтваў у рэспубліцы і за яе межамі.

Выхадцы з Беларусі, якія жывуць за мяжой, атрымаюць магчымасць удзельнічаць у развіцці ўязнога міжнароднага турызму ў Беларусі. Так, прадугледжваецца арганізацыя на базе беларускіх аб`яднанняў у замежжы выставак-прэзентацый і мерапрыемстваў па папулярызацыі турыстычных магчымасцей рэспублікі.

На працягу гэтага года запланавана падрыхтоўка і ўнясенне пасольствам Беларусі ў Польшчы і Генеральным консульствам Беларусі ў Гданьску прапановы аб прысваенні адной з вуліц гэтага населенага пункта імя народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля.

Мінск     БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-403/4/1585
Текущая дата: 15.11.2024