Белорусский портал в Казахстане

Беларускія брэнды маюць поспех на выставе харчовай прамысловасці ў Шанхаі



Аб гэтым паведамілі ва УП "Белінтэрэкспа" БелГПП.

Прадукцыя беларускіх прадпрыемстваў харчовай прамысловасці прадстаўлена ў рамках экспазіцыі Belarus. The Taste of Nature на буйнейшай міжнароднай выстаўцы прадуктаў харчавання і напіткаў, спецыялізаванага абсталявання і тэхналогій харчовай вытворчасці SIAL Shanghai 2024 у Шанхаі.

Экспазіцыйны форум - візітная картка прадуктовай галіны ў азіяцкім рэгіёне і збірае прадстаўнікоў некалькіх тысяч кампаній з усяго свету. Беларускія кампаніі прэзентуюць прадукцыю мясамалочнай галіны, дэсертныя напоі і ўнікальныя арганічныя прадукты, з саставам якіх госці форуму могуць падрабязна азнаёміцца і нават прадэгуставаць.

"Унітарнае прадпрыемства "Белінтэрэкспа" на працягу многіх гадоў з`яўляецца эксклюзіўным партнёрам і каардынатарам у пытаннях эфектыўнага ўдзелу беларускіх прадпрыемстваў у такой значнай сусветнай выставачнай падзеі, як SIAL Shanghai. Дзякуючы зладжанай рабоце і планавай падрыхтоўцы да мерапрыемства, айчынныя кампаніі паспяхова прадстаўляюць сваю прадукцыю і паслугі, замацоўваючы пазіцыі на кітайскім рынку", - адзначыла дырэктар "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Наталля Кураш.

Дарэчы, паводле вынікаў 2023 года на кітайскіх платформах электроннага гандлю аформлена амаль 525 тыс. заказаў на беларускую прадукцыю, а сукупны аб`ём продажаў нацыянальных электронных павільёнаў беларускіх тавараў у Кітаі дасягнуў $4,5 млн.

Гэтымі днямі экспазіцыя беларускіх прадпрыемстваў Belarus. The Taste of Nature, як удакладнілі ў БелГПП, карыстаецца асаблівай цікавасцю ў прафесійных наведвальнікаў і гасцей форуму SIAL Shanghai 2024. Айчынныя вытворцы дэманструюць патэнцыяльным партнёрам і спажыўцам шырокую лінейку мясной прадукцыі і далікатэсаў, шырокі асартымент рыбных прадуктаў, а таксама спрэды, марожанае, замарожаныя паўфабрыкаты, разнастайныя прадукты з сурымі. Прадстаўлены і малочныя навінкі: сухія спецыялізаваныя напоі для дадатковага харчавання студэнтаў, людзей сярэдняга і пажылога ўзросту, какававыя і кафейныя напоі. Асобна прэзентаваны блок лікёра-гарэлачнай прадукцыі і дэсертных напояў беларускай вытворчасці. Гэтым пералікам асартымент выстаўленых у беларускім павільёне тавараў айчыннай вытворчасці, вядома, не абмяжоўваецца.

Падчас выстаўкі SIAL Shanghai прадстаўнікі беларускага боку прымаюць удзел у запланаваных тэматычных мерапрыемствах і бізнес-сустрэчах з замежнымі партнёрамі для завязвання дзелавых кантактаў і падпісання новых дагавораў на пастаўкі беларускай харчовай прадукцыі, паколькі ўдзел у выстаўцы - магчымасць для беларускіх брэндаў замацаваць гандлёвыя пазіцыі на азіяцкім рынку.

SIAL - серыя галіновых выставак, прадстаўленых у розных рэгіёнах свету. Аб`ядноўваючы ўнікальную культуру вытворчасці прадуктаў харчавання і напояў, форум прапануе асаблівыя магчымасці інтэграцыі бізнес-працэсаў для міжнародных удзельнікаў, у тым ліку для прадпрыемстваў і кампаній з Беларусі. Наступная вялікая выстаўка серыі SIAL адбудзецца ў кастрычніку 2024 года ў Парыжы. Пачата ўжо работа па фармаванні выставачных плошчаў для айчынных кампаній і прадпрыемстваў.

28 траўня 2024, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-408/1/74294
Текущая дата: 23.12.2024