Белорусский портал в Казахстане

"Жывінка" менш б`е па печані. Калі ведаць меру



У бліжэйшы час віцебскі лікёра-гарэлачны завод "Прыдзвінне" паставіць у крамы краіны інавацыйны прадукт — горкую настойку "Жывінка".

У чым яе асаблівасць? Як расказалі ў канцэрне "Белдзяржхарчпрам", новая прадукцыя распрацавана Навукова-практычным цэнтрам НАН Беларусі па харчаванні з выкарыстаннем спецыяльных дабавак — алкапратэктараў. Апроч іх у састаў настойкі ўваходзяць лекавыя расліны і комплексныя харчовыя дабаўкі, якія таксама аслабляюць таксічнае ўздзеянне алкаголю на арганізм. "Вынік даследаванняў пратэставанага напою, праведзены Інстытутам фармакалогіі і біяхіміі НАН Беларусі, паказаў яго высокі антытаксічны патэнцыял", гаворыцца ў інфармацыі канцэрна.

Гэта як? Калі меркаваць па-дылетанцку, зыходзячы з прыведзеных звестак, дык новы алкагольны напой атрымліваецца ледзьве не лекавым: п`еш, а ўрон для здароўя — мінімальны? І "высокі антытаксічны патэнцыял" — гэта ў параўнанні з чым? Таму рэдакцыя звярнулася па больш падрабязныя каментары ў гродзенскі філіял Інстытута фармакалогіі і біяхіміі НАН Беларусі, які праводзіў адпаведныя даследаванні.

— Гэтыя работы выконваліся недзе ў 2008 годзе. Нам было прадстаўлена пяць узораў алкагольных напояў (назваў якіх мы не ведалі), адзін з якіх сапраўды аказваў найменшае ўздзеянне на клеткі печані. Найменшае — у параўнанні са звычайнай гарэлкай. Гэта сапраўды так, а вось гаварыць пра высокі антытаксічны патэнцыял згаданага прадукту — не зусім карэктна. Тут вы ў сваіх развагах маеце рацыю. Як жартуюць фармацэўты, усё залежыць ад дозы. Іншымі словамі, калі канкрэтны чалавек, умоўна кажучы, вып`е бутэльку настойкі зараз, яго печань гэта адчуе падобным жа чынам, як і пры ўжыванні бутэлькі гарэлкі. Лепшы спосаб засцерагчы печань (а ў больш шырокім сэнсе — і здароўе) — ведаць норму, — зазначыў нам загадчык лабараторыі біяхімічнай таксікалогіі і наркаманіі гродзенскага філіяла інстытута Ігар Звярынскі.

Застаецца толькі дадаць, што, як паведамілі ў канцэрне, настойка мацункам 40 градусаў будзе разлівацца ў спецыяльныя сувенірныя бутэлькі аб`ёмам 0,5 літра. "Жывінка" павінна будзе з`явіцца ў крамах ва ўсіх гарадах краіны. Мяркуецца, што яе кошт у гандлі складзе 18-20 тысяч рублёў.

Сяргей Расолька
Звязда, 15 кастрычніка 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-408/12/9898
Текущая дата: 23.12.2024