Белорусский портал в Казахстане

Больш за 100 навукова-тэхнічных распрацовак прадставіць Беларусь на выставе ва Узбекістане



Як паведаміла прэс-служба ДКНТ, свае дасягненні і тэхналогіі прадэманструюць арганізацыі і ўстановы Міністэрства адукацыі і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Больш за 100 навукова-тэхнічных і інавацыйных распрацовак прадставіць Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь на калектыўным стэндзе ў рамках нацыянальнай экспазіцыі на выставе беларускіх вытворцаў Made in Belarus, якая пройдзе 14—19 верасня ў Ташкенце (Узбекістан).

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт пакажа арыгінальныя беларускія прэпараты для лячэння злаякасных пухлін галавы, шыі, рака страўніка з дысемініраваным паражэннем брушной поласці, а таксама ветэрынарныя біяпрэпараты для лячэння і прафілактыкі хвароб сельскагаспадарчых і непрадуктыўных жывёл. Іх галоўнай адметнай асаблівасцю з`яўляецца шматфункцыянальнасць, высокая якасць і канкурэнтная цана.

Лятальныя апараты самалётнага тыпу для дыстанцыйнага маніторынгу мясцовасці і аб`ектаў прадставіць Навукова-вытворчы цэнтр шматфункцыянальных беспілотных комплексаў НАН Беларусі.

Акрамя таго, будуць экспанавацца высокатэхналагічныя ўльтрагукавыя тэхналогіі і абсталяванне медыцынскага прызначэння для кардыялогіі, анкалогіі і стаматалогіі, а таксама інтэлектуальныя біямедыцынскія сістэмы і многае іншае.

Нагадаем, 12—14 верасня ва Узбекістане з афіцыйным візітам будзе знаходзіцца Аляксандр Лукашэнка.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 12 верасня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-408/4/44931
Текущая дата: 04.05.2024