Белорусский портал в Казахстане

Дні Гомельскай вобласці адкрыліся на "ЭКСПА-2015" у Мілане



У Мілане прайшло ўрачыстае адкрыццё дзён Гомельскай вобласці на "ЭКСПА-2015", паведамілі ў прэс-службе аблвыканкама.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства, якое праходзіла ў канферэнц-зале Нацыянальнага павільёна Беларусі на "ЭКСПА-2015", звярнуўся старшыня абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Дворнік. Ён адзначыў, што Гомельская вобласць з`яўляецца адным з найбольш развітых індустрыяльных рэгіёнаў Беларусі, на долю якой прыпадае больш як 21 працэнт аб`ёму прамысловай вытворчасці краіны. У вобласці створаны высокаразвіты аграпрамысловы сектар, ёсць вялікі патэнцыял для развіцця турызму.

З прэзентацыяй інвестыцыйнай і эканамічнай прывабнасці Гомельскай вобласці, іншых сфер народнагаспадарчага комплексу выступілі кіраўнікі профільных камітэтаў аблвыканкама, свабоднай эканамічнай зоны "Гомель-Ратон" і абласнога аддзялення Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.

Мэта правядзення дзён Гомельскай вобласці на "ЭКСПА-2015" (14-15 ліпеня) - прэзентацыя гандлёва-эканамічнага патэнцыялу, інвестыцыйнай і турыстычнай прывабнасці рэгіёна, устанаўленне ўзаемавыгадных дзелавых кантактаў з італьянскімі і іншымі замежнымі кампаніямі. 14 ліпеня адбудзецца дэгустацыя прадукцыі прадпрыемстваў вобласці і кантактна-кааперацыйная біржа з замежнымі партнёрамі. Заўтра запланавана правесці навукова-практычны семінар на тэму "Новыя тэхналогіі ў галіне аграхарчовай прадукцыі і перапрацоўкі малака", на якім будзе агучаны вопыт у гэтай сферы сельскагаспадарчых і прадпрыемстваў перапрацоўчай галіны Гомельскай вобласці.

У складзе дэлегацыі, якая знаходзіцца ў Мілане, больш як 40 чалавек. Большасць яе складаюць кіраўнікі прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу рэгіёна.

"ЭКСПА" - буйная міжнародная выстаўка для дэманстрацыі тэхнічных і тэхналагічных дасягненняў. Упершыню яна адбылася ў 1851 годзе. У гэтым годзе выстаўка праходзіць у Мілане з 1 мая па 31 кастрычніка. Галоўнай тэмай яе з`яўляецца харчовая тэматыка, асноўная ўвага ўдзяляецца ўплыву культуры харчавання на этнічныя традыцыі, развіццю сельскай гаспадаркі, біяразнастайнасці і экалогіі. 

Удзел у выстаўцы прымаюць больш як 140 краін, 10 міжнародных арганізацый і 30 карпарацый. Нацыянальныя павільёны прадстаўляюць 56 краін, у тым ліку Беларусь.

14 ліпеня 2015, Гомель
Валерый Сідорчык - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-408/5/31952
Текущая дата: 16.04.2024