Белорусский портал в Казахстане

Рабатызаваны кар`ерны самазвал "БелАЗ-75137" атрымаў прэмію "Лепшы прамысловы экспанент/праект" на галоўнай прамысловай выставе Расіі "ИННОПРОМ-2012".



15 ліпеня, у дзень закрыцця форуму, пераможцу ўручана прэмія "ИННОПРОМЕР года", паведамілі арганізатары.

Перад пачаткам выставы яе экспертны савет вызначыў 10 фіналістаў конкурсу, а фінальная частка галасавання праходзіла непасрэдна падчас правядзення форуму на інавацыйных інфармацыйных стойках. Кожны наведнік выставы меў права прагаласаваць за лепшы, з яго пункту гледжання, экспанат або праект сваім імянным бэджам, які меў унікальны штрых-код.

Кар`ерны самазвал "БелАЗ-75137" з электрамеханічнай трансмісіяй і дыстанцыйным кіраваннем прызначаны для перавозкі горнай масы ў складаных горнатэхнічных умовах глыбокіх кар`ераў, на адкрытых распрацоўках радовішчаў карысных выкапняў па тэхналагічных дарогах у розных кліматычных умовах эксплуатацыі (пры тэмпературы навакольнага паветра ад -50 да +50 градусаў). Грузападымальнасць самазвала — да 136 тон.

Паводле слоў спецыяліста ААТ "Беларускі аўтамабільны завод" Вадзіма Якубоўскага, унікальнасць самазвала — у самой ідэі транспартнага сродку, якая прадугледжвае аддаленую эксплуатацыю аўтамабіля ў рэгіёнах, дзе ёсць яўны недахоп рабочага персаналу або ў кар`ерах са шкоднымі ўмовамі (павышаная загазаванасць, павышаны радыяцыйны фон, агрэсіўнае асяроддзе).

У канструкцыі рабатызаванага самазвала "БелАЗ-75137" прадугледжана прымяненне новых тэхнічных рашэнняў па шэрагу вузлоў, сілавых элементаў і сістэм, а таксама шырокае выкарыстанне прагрэсіўных сучасных камплектуючых вырабаў. Гэта дазволіла забяспечыць высокі тэхнічны ўзровень машыны, у тым ліку і ў перспектыве.

ААТ "БелАЗ" працягвае работы па стварэнні рабатызаванага кар`ернага самазвала з аддаленым працоўным месцам і разглядае гэта як першы этап аўтаматызацыі горных работ, паведамляюць на прадпрыемстве.

Завяршальным этапам стане стварэнне інтэлектуальнага кар`ера, дзе ўзаемадзеянне тэхналагічнага абсталявання будзе поўнасцю падпарадкаванае адзінаму дыспетчарскаму цэнтру, размешчанаму на адлегласці да 1000 км ад рудніка. Гэта дазволіць выключыць чалавечы фактар пры кіраванні самазвалам, істотна павялічыць выпрацоўку, зняць вострую праблему недахопу кваліфікаваных рабочых на месцах.

БелаПАН, Мінск, 15 ліпеня.

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-408/6/15110
Текущая дата: 18.04.2024