Белорусский портал в Казахстане

Першы ў Паўднёва-Усходняй Азіі завод па зборцы беларускіх трактароў адкрыўся 27 сакавіка ў Камбоджы



Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця завода прынялі ўдзел міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, міністр прамысловасці і рамёстваў, прадстаўнікі кіраўніцтва, міністэрстваў, дзелавых колаў і грамадскасці Камбоджы, а таксама дэлегацыя дзелавых колаў Беларусі - усяго каля тысячы гасцей. Новы сумесны праект прадугледжвае на першапачатковым этапе штогадовую пастаўку на рынак Камбоджы і прылеглых краін больш за 400 трактароў розных мадэлей і магутнасці.

Пасля цырымоніі адкрыцця завода ўдзельнікі азнаёміліся з работай зборачнага канвеера. Камбаджыйскі міністр асабіста пратэсціраваў першы сабраны ў Камбоджы трактар "Беларус".

У МЗС таксама праінфармавалі, што ў час пачатага 26 сакавіка першага ў гісторыі двухбаковых дыпламатычных адносін афіцыйнага візіту міністра замежных спраў Беларусі ў Каралеўства Камбоджа адбылася сустрэча Уладзіміра Макея з намеснікам прэм`ер-міністра - міністрам замежных спраў і міжнароднага супрацоўніцтва Камбоджы Хор Намхонгам. Кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў абмеркавалі стан і перспектывы беларуска-камбаджыйскага супрацоўніцтва ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай сферах, пытанні ўзаемадзеяння ў банкаўскай і фінансавай галінах, стварэння зборачных вытворчасцей, рэалізацыі сумесных двухбаковых праектаў. Акрамя таго, удзельнікі сустрэчы разгледзелі праграму маючага адбыцца 23-25 красавіка афіцыйнага візіту прэм`ер-міністра Камбоджы ў Беларусь.

Кіраўнік МЗС Камбоджы праінфармаваў аб унутрыпалітычнай сітуацыі ў краіне, перспектывах сацыяльна-эканамічнага развіцця і паказчыках росту сельскагаспадарчай вытворчасці. Асаблівая ўвага ў ходзе перагавораў удзелена развіццю дагаворна-прававой базы двухбаковых адносін.

Кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў падпісалі пагадненне паміж урадамі Беларусі і Камбоджы аб бязвізавых паездках для ўладальнікаў дыпламатычных і службовых пашпартоў.

У ходзе сустрэчы міністра замежных спраў Беларусі з міністрам адукацыі, моладзі і спорту Камбоджы абмеркаваны пытанні супрацоўніцтва ў галіне навукі і адукацыі, уключаючы магчымасць падрыхтоўкі камбаджыйскіх спецыялістаў ва ўстановах адукацыі Беларусі. Камбаджыйскі бок выказаў асаблівую зацікаўленасць у падрыхтоўцы на базе беларускіх навучальных устаноў спецыялістаў з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.

27 сакавіка 2014, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-408/6/25536
Текущая дата: 24.04.2024