Белорусский портал в Казахстане

Дзяржкамваенпрам абверг фэйк аб пастаўках Беларуссю боепрыпасаў у ЗША



Інфармацыя размешчана на сайце ведамства.

"Спроба раздуць скандал на тэму паставак зброі Беларуссю ў ЗША аказалася чарговай "вуткай". Адкрытая мана, якая раней была ўласціва бульварным газетам, цяпер тыражуецца сур`ёзнымі інтэрнэт-выданнямі", - адзначылі ў Дзяржкамваенпраме.

На сайце аднаго з рускамоўных анлайн-СМІ Eurasia Daily (EADaily) 27 ліпеня быў апублікаваны артыкул "Беларусь пачала экспарт боепрыпасаў у ЗША". У матэрыяле са спасылкай на справаздачу Дэпартамента экспартнага кантролю Міністэрства замежных спраў Румыніі адзначаецца, што "...у студзені-сакавіку 2020 года Беларусь паставіла ў ЗША транзітам праз Румынію боепрыпасы на 1,42 млн еўра".

"Дзяржкамваенпрам як рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання, які адказвае за распрацоўку і рэалізацыю асноўных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва з замежнымі дзяржавамі і экспартнага кантролю, афіцыйна заяўляе, што Рэспубліка Беларусь ніякіх паставак боепрыпасаў, у тым ліку для паляўнічай і спартыўнай зброі, у Злучаныя Штаты Амерыкі ў 2020 годзе не ажыццяўляла", - падкрэслілі ў ведамстве.

У камітэце заўважылі, што калі б такія пастаўкі і былі, то гэта ні ў якім разе не супярэчыла б забаронам і абмежаванням на пастаўкі ўзбраенняў, уводзімых рэзалюцыямі Савета Бяспекі ААН, якія Беларусь няўхільна выконвае. "Наколькі нам вядома, адносна дзяржаў - членаў ЕС і ЗША Савет Бяспекі ААН санкцый не ўводзіў", - паведамілі ў Дзяржкамваенпраме.

Усе пастаўкі ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі вядуцца беларускім бокам у строгай адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і міжнароднымі абавязацельствамі. У Беларусі створана надзейная сістэма экспартнага кантролю, якая дае магчымасць эфектыўна прадухіляць любыя спробы незаконных паставак узбраенняў і ваеннай тэхнікі, уключаючы лёгкую і стралковую зброю.

Прадукцыя ваеннага прызначэння пастаўляецца толькі законным урадам і пры ўмове прадстаўлення сертыфікатаў канечнага карыстальніка, адпаведных міжнародным стандартам.

"Хацелі б асабліва адзначыць, што ў Беларусі для паставак сілавым структурам замежнай дзяржавы нават цывільнай прадукцыі неабходна атрымаць дазвол міжведамаснай камісіі па ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве і экспартным кантролі пры Савеце бяспекі Рэспублікі Беларусь, - адзначылі ў Дзяржкамваенпраме. - Таму інфармацыйны ўкід Eurasia Daily нагадвае спробу "знайсці чорнага ката ў цёмным пакоі, асабліва, калі яго там няма".

30 ліпеня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-408/6/54965
Текущая дата: 23.12.2024