Белорусский портал в Казахстане

II Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны праходзіць у Жытоміры



II Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны праходзіць 3-4 кастрычніка ва ўкраінскім Жытоміры. Мерапрыемства праводзіцца ў розных фарматах.

Як чакаецца, удзел у ім прымуць прадстаўнікі ўрадавых і дзелавых колаў дзвюх краін, кіраўніцтва мясцовых органаў улады, а таксама кіраўнікі дзяржаў.

Лукашэнка 4 кастрычніка наведае Жытомір для ўдзелу ў II Форуме рэгіёнаў Беларусі і Украіны Запланавана выступленне кіраўніка дзяржавы на пленарным пасяджэнні форуму, якое будзе прысвечана патэнцыялу ўзаемадзеяння дзвюх краін.

З самай раніцы ў цэнтры Жытоміра працуе выстаўка буйнагабарытнай тэхнікі, дзе прадстаўлена прадукцыя беларускіх і ўкраінскіх прадпрыемстваў - усяго 75 экспанатаў, уключаючы навінкі. Беларускі бок прадстаўлены 15 вытворцамі, украінскі - дзесяццю.

Па суседстве арганізаваны кірмаш прадукцыі і вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі і Украіны. У праграме форуму 3 кастрычніка чарговае пасяджэнне двухбаковага кансультатыўнага савета дзелавога супрацоўніцтва, перагаворы паміж прадстаўнікамі ўкраінскіх і беларускіх кампаній, пасяджэнне сумеснай камісіі па каардынацыі пытанняў аховы і ўстойлівага выкарыстання трансгранічных прыродаахоўных тэрыторый, экафорум.

Спецыялісты таксама абмяркуюць праблемныя пытанні ўзаемнага тавараабароту ў частцы выкарыстання ветэрынарна-санітарных мерапрыемстваў, адбудуцца афіцыйная сустрэча кіраўнікоў рэгіёнаў Украіны і Беларусі з кіраўніком Жытомірскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі, круглы стол "Развіццё рачнога суднаходства на рэках Днепр і Прыпяць", форум і выстаўка высокіх тэхналогій, робататэхнікі, мехатронікі і стартапаў.

На апошнім мерапрыемстве толькі БДУ прадставіць каля 20 распрацовак, уключаючы макет універсітэцкага нанаспадарожніка. Вечарам у Жытоміры адбудзецца канцэрт дружбы з удзелам артыстаў і творчых калектываў Беларусі і Украіны.

На наступны дзень, 4 кастрычніка, запланавана пленарнае пасяджэнне з удзелам прадстаўнікоў урадаў дзвюх краін, кіраўнікоў рэгіёнаў. У гэты дзень на форуме чакаюць і прэзідэнтаў Аляксандра Лукашэнку і Уладзіміра Зяленскага.

Прэзідэнт Беларусі 26 верасня на сустрэчы з прадстаўнікамі ўкраінскіх СМІ заявіў, што праект Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны значны не толькі для абедзвюх краін, але і для яго асабіста. Ён нагадаў, што два гады таму кіраўніцтва Украіны падтрымала гэту ідэю, і праз год ужо ў Гомелі адбыўся першы такі форум.

"Вынікі не прымусілі сябе чакаць. Такія сустрэчы дапамагаюць нарошчваць вельмі патрэбныя міжрэгіянальныя сувязі, у першую чаргу ў гандлі і эканоміцы", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, менавіта гандлёва-эканамічныя адносіны - ключавы складнік беларуска-ўкраінскага партнёрства, і дасягненні тут значныя. У мінулым годзе тавараабарот паміж краінамі склаў амаль $5,5 млрд.

"Працуюць сумесныя прадпрыемствы, ёсць нямала агульных інфраструктурных праектаў. Нас аб`ядноўваюць цесныя кааперацыйныя сувязі. І трэба сказаць, што гэты працэс пастаянна ўзмацняецца, нарастае", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Тады ж ён адзначыў, што маючая адбыцца сустрэча з Уладзімірам Зяленскім дасць магчымасць не проста пазнаёміцца асабіста на чалавечым узроўні, але і лепш зразумець і даведацца пра пазіцыю адзін аднаго па тых ці іншых пытаннях.

"Абяцаю, што буду сумленны і адкрыты ў размове. Гэта мая фішка. Я прывык гаварыць сумленна, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы з ім агульную мову, гарантую вам, знойдзем". 

Закранаючы тэмы, якія будуць абмяркоўвацца ў Жытоміры, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў любых міждзяржаўных адносінах ёсць свой парадак дня.

"У гэтым парадку дня нашых перагавораў будзе эканоміка, сумесныя праекты. Напрыклад (гэта не галоўнае), ракетабудаванне - для нас гэта важная тэма. Мы самі пачалі ўжо будаваць новую ракету, але ў нас не хапае кампетэнцый, дасведчаных людзей. Яны ёсць у вас. Нам жа не трэба міжкантынентальную ракету будаваць. Чаму не абмеркаваць гэты праект і не даць спецыялістам даручэнне на прапрацоўку, - сказаў Прэзідэнт. - Вельмі важнае для вас і для нас пытанне вуглевадародаў".

Чакаецца, што па выніках форуму будзе падпісаны шэраг дакументаў па развіцці міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння ў розных сферах, а таксама дамоўленасці на ўзроўні прадпрыемстваў. Мерапрыемству папярэднічала вялікая работа на ўзроўні рэгіёнаў, прадпрыемстваў і арганізацый, і некаторыя будучыя вынікі вядомы ўжо цяпер.

Так, паведамлялася, што Віцебскі аблвыканкам плануе падпісаць пагадненні аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве з адміністрацыямі Адэскай, Вінніцкай і Чаркаскай абласцей; прадпрыемствы Гомельскай вобласці разлічваюць падпісаць кантракты на суму больш як $40 млн; пагадненне аб супрацоўніцтве падпішуць Гродзенская і Валынская вобласці; Брэсцкая вобласць падпіша пагадненні аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве з Валынскай і Закарпацкай абласцямі; Пінск і Цярнопаль плануюць падпісаць пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве.

3 кастрычніка 2019, Жытомір
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-408/7/50079
Текущая дата: 23.12.2024