Белорусский портал в Казахстане

Made in Belarus. У Кіеве стартуе буйная выстава беларускіх вытворцаў



Беларусь займае таварныя нішы, якія вызваліліся на ўкраінскім рынку пасьля сыходу расейскіх кампаніяў праз анэксію Крыму і вайну на Данбасе.

10 красавіка ўпершыню за апошнія гады ў Кіеве адкрываецца вялікая прамысловая выстава беларускіх вытворцаў. У экспазыцыі будуць прадстаўленыя больш як 50 прадпрыемстваў усіх сэктараў эканомікі — ад машынабудаўніцтва да касмэтыкі і турызму.

Паводле арганізатараў, гэтая выстава мае стаць адпраўным пунктам для правядзеньня Форуму рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны. Плянуецца, што такі форум адбудзецца ў Гомлі ў кастрычніку пры ўдзеле кіраўнікоў дзяржаў Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі.

Падрыхтоўка да форуму двойчы была галоўнай тэмай тэлефонных размоў кіраўнікоў Беларусі і Ўкраіны.

Іскрынкамі выставы ў Кіеве стануць разумныя трактары, хуткасныя ліфты і спартовы ралійны аўтамабіль «МАЗ». Наведнікі змогуць пабачыць аўтамабільныя трукі і элемэнты экстрэмальнага кіраваньня.

Летась аб’ём узаемнага беларуска-ўкраінскага гандлю перавысіў 4 мільярды даляраў з пазытыўным для Беларусі сальда (больш як 2 мільярды даляраў). Але гэтыя аб’ёмы амаль удвая ніжэйшыя за ўзровень 2012 году, калі таваразварот дасягнуў 8 мільярдаў даляраў.

Пасьля анэксіі Расеяй Крыму і ўзброенага канфлікту на Данбасе Ўкраіна паступова абмяжоўвае свой рынак для расейскіх тавараў і адначасова — свае гандлёвыя кантакты з Расеяй. У такіх умовах для беларускіх вытворцаў адкрылася «фортка» дадатковых магчымасьцяў для прасоўваньня сваёй прадукцыі на ўкраінскі рынак.

Тым часам Украіна, дзякуючы падпісаньню пагадненьня аб асацыяцыі з Эўрапейскім Зьвязам, дывэрсіфікуе вонкавы гандаль, павялічваючы сваю прысутнасьць у краінах Эўропы.

Алена Літвінава
Радыё Свабода, 10 красавік 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-408/9/43093
Текущая дата: 23.12.2024