Белорусский портал в Казахстане

У школах Кітая плануюць увесці цялесныя пакаранні для вучняў



У адной з прыватных школ Кітая збіраліся ўвесці цялесныя пакаранні для вучняў, а таксама шэраг забарон, якія датычацца іх знешняга выгляду, паведамляе South China Morning Post.

Сем’ям навучэнцаў эксперыментальнай школы Лун’юань у Янцзяне (правінцыя Гуандун) адміністрацыя разаслала на подпіс дакумент, які дазваляе прымяненне да дзяцей цялесных пакаранняў у выглядзе ўдараў па далонях або шматгадзіннага стаяння. Акрамя таго, у лісце змяшчаўся збор правілаў, які забараняў вучням мужчынскага полу насіць доўгія валасы, а вучаніцам — упрыгожванні, рабіць манікюр або макіяж.

Меркавалася, што настаўнікі могуць біць вучняў па далонях указкай ці лінейкай да 10 разоў за асобную правіннасць, а пакаранне стаяннем без дазволу сесці магло працягвацца да дзвюх гадзін.

«Мы імкнемся даць магчымасць вучням несці адказнасць за здзейсненыя імі памылкі. Так яны будуць больш дасведчаныя аб неабходнасці прадухіляць падобныя памылкі і стануць добрымі, законапаслухмянымі грамадзянамі», — пракаментавала адміністрацыя школы.

Мясцовы дэпартамент адукацыі заклікаў школу прывесці правілы ў адпаведнасць нормам. У сваю чаргу, у школе заявілі, што калі вучні і бацькі не прымаюць гэтыя правілы, яны могуць сысці ў іншыя навучальныя ўстановы. Пазіцыю кіраўніцтва школы падтрымалі многія бацькі.

Звязда, 23 лютага 2025

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-410/1/77141
Текущая дата: 24.02.2025