Белорусский портал в Казахстане

БДУ выходзіць на новы ўзровень супрацоўніцтва з Пекінскім універсітэтам



Гэта вынік візіту дэлегацыі беларускай ВНУ ў Кітай на чале з рэктарам Андрэем Каралём. У час перагавораў з рэктарам Пекінскага універсітэта Гун Ціхуанам прайшло канструктыўнае абмеркаванне па прадметным напаўненні дзейнага паміж ВНУ з 2019 года Мемарандума аб узаемаразуменні.

Бакамі было ініцыявана супрацоўніцтва ў сферы матэматычных навук. Перспектыўнымі напрамкамі абазначаны распрацоўка сумесных навуковых праектаў, акадэмічны абмен для чытання лекцый па сучасных дасягненнях у галіне тэорыі верагоднасцей, матэматычнай статыстыкі і аналізу дадзеных. Рэктары абмеркавалі перспектыву пашырэння супрацоўніцтва ў сферы сумеснай падрыхтоўкі магістрантаў і аспірантаў. У бліжэйшы час гэта тэма будзе дэталёва прааналізавана для вызначэння спецыяльнасцей і навуковых абласцей ведаў, па якіх плануецца ўзаемадзейнічаць.

Пекінскі ўніверсітэт з’яўляецца найстарэйшым універсітэтам Кітая, ён быў заснаваны ў 1898 годзе. Размешчаны на паўночным захадзе Пекіна. Кампус лічыцца адным з самых прыгожых месцаў у свеце. Ён займае тэрыторыі былых імператарскіх садоў дынастыі Цінь. У мясцовай бібліятэцы налічваецца больш за восем мільёнаў кніг і 10 тысяч найменняў кітайскіх і замежных часопісаў. Агульная плошча кнігасховішчаў і чытальных залаў перавышае 50 тысяч квадратных метраў — гэта найбуйнейшая бібліятэка ў Азіі. Пры універсітэце дзейнічае Музей мастацтва і археалогіі Саклера. Тут навучаюцца звыш 46 тысяч студэнтаў, у тым ліку больш за чатыры тысячы замежнікаў. Згодна з ацэнкай вядучых міжнародных рэйтынгавых агенцтваў універсітэт займае ў QS — 12 месца, у THE — 17 месца, у Шанхайскім рэйтынгу — 34 месца.

Візіт дэлегацыі БДУ працягнецца наведваннем шэрагу кітайскіх ВНУ для абмену прапановамі па супрацоўніцтве з магчымасцю падпісання афіцыйных дакументаў.

Надзея Нікалаева
Звязда, 24 сакавіка 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-410/2/68764
Текущая дата: 26.11.2024