Белорусский портал в Казахстане

Інфармацыйна-адукацыйны цэнтр БДУ адкрыўся ў турэцкім Ізміры



Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця таксама прыняў удзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Турэцкай Рэспубліцы Віктар Рыбак.

Пагадненне аб стварэнні новай структуры падпісана ў рамках афіцыйнага візіту ў Турцыю дэлегацыі БДУ на чале з прарэктарам па вучэбнай рабоце і інтэрнацыяналізацыі адукацыі Канстанцінам Казадаевым. 

Функцыянаваць цэнтр будзе на базе міжнароднай адукацыйнай кампаніі «Атлас» (Atlasprivateeducationalservices). Яго дзейнасць дазволіць актывізаваць інфармацыйнае прасоўванне адукацыйных паслуг БДУ, а таксама пашырыць адукацыйныя і культурныя сувязі Беларусі і Турцыі. У прыватнасці, плануецца правядзенне прафарыентацыйных мерапрыемстваў сярод турэцкіх абітурыентаў, іх кансультаванне па пытаннях паступлення і навучання ў БДУ. Сумесна з турэцкай кампаніяй універсітэт акажа арганізацыйную падтрымку патэнцыйным абітурыентам у падрыхтоўцы да паступлення. Таксама БДУ забяспечыць цэнтр інфармацыйнымі друкаванымі, відэа і мультымедыйнымі матэрыяламі па профільных кірунках дзейнасці структуры.

Цэнтр адкрыты пры падтрымцы рэгіянальнага прадстаўніка міжнароднай адукацыйнай кампаніі «Атлас» у Беларусі Джэнка Саркута.

У ходзе афіцыйнага візіту ў Турцыю дэлегацыя БДУ таксама наведала шэраг універсітэтаў з мэтай абмеркавання магчымасці ўзаемавыгаднага акадэмічнага супрацоўніцтва. 
____________________________________
Даведка:
З 2001 года на ФМА БДУ вядзецца выкладанне турэцкай мовы і рыхтуюцца спецыялісты ў галіне лінгвакраіназнаўства з веданнем мовы і культуры Турцыі. Выпушчана каля 90 спецыялістаў гэтага профілю.

З 2011 года на ФМА дзейнічае Цэнтр турэцкай мовы і культуры. Актыўна вядзецца навучанне грамадзян Турцыі ў беларуска-турэцкіх інфармацыйна-адукацыйных цэнтрах БДУ ў Анталіі і Анкары.

Сёння ў БДУ навучаецца 27 грамадзян з Турцыі, з якіх 13 — на першай і 9 — на другой ступенях атрымання вышэйшай адукацыі.

Акрамя таго, пяць слухачоў праходзяць падрыхтоўку на факультэце даўніверсітэцкай адукацыі замежных грамадзян Інстытута дадатковай адукацыі БДУ.

Надзея Нікалаева
Звязда, 17 верасня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-410/4/56080
Текущая дата: 23.12.2024