Белорусский портал в Казахстане

Літва дазволіла ЕГУ працягнуць працу



Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт пасля праведзенай у снежні праверкі мог пазбавіцца акрэдытацыі ў Вільні.

Літоўскі ўрад вырашыў даць дазвол Еўрапейскаму гуманітарнаму ўніверсітэту (ЕГУ) працягваць сваю дзейнасць, паведамляе прэс-служба Міністэрства адукацыі краіны.

З гэтай мэтай універсітэт да 1 ліпеня 2019 года павінен падаць заяўку на атрыманне новай ліцэнзіі на правядзенне навучання і звязанай з гэтым дзейнасці, пры гэтым ЕГУ абавязалі ўмацаваць свой акадэмічны і навуковы патэнцыял.

"Пасля таго часу, калі была дадзена негатыўная ацэнка вынікаў дзейнасці, універсітэт змог палепшыць становішча ў галіне кіравання і фінансавання — менавіта гэтыя аспекты выклікалі найбольшую заклапочанасць", — адзначаецца ў паведамленні ведамства.

Мінадукацыі Літвы таксама правядзе ацэнку плана дзеянняў ЕГУ па ўдасканаленні дзейнасці і пры неабходнасці прадаставіць універсітэту рэкамендацыі па яго паляпшэнні.

У снежні камісія Цэнтра ацэнкі якасці адукацыі краіны дала негатыўнае заключэнне па працы ЕГУ і парэкамендавала не працягваць яго акрэдытацыю. Міжнародная экспертная група, якая разглядала працу ВНУ, складалася з прадстаўнікоў Македоніі, Ірландыі, Фінляндыі, Вялікабрытаніі і Літвы.

ЕГУ ў 2004 годзе быў адкрыты ў Мінску, затым перабраўся ў Вільню і пазіцыянуе сябе як беларуская ВНУ ў выгнанні. У гэтым навучальным годзе ва ўніверсітэце праходзяць навучанне 847 студэнтаў, з якіх 95% — грамадзяне Беларусі.

Мінск, 1 лютага 2018
Sputnik

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-410/6/42397
Текущая дата: 23.12.2024