Белорусский портал в Казахстане

Славакія з 10 чэрвеня адмяняе каранцін і адкрывае граніцы яшчэ з 16 краінамі



Урад Славакіі з 10 чэрвеня адмяняе агульнанацыянальны каранцін, уведзены з-за пандэміі каранавіруса, і адкрывае граніцы яшчэ з 16 еўрапейскімі краінамі. Аб гэтым заявіў прэм`ер-міністр краіны Ігар Матавіч.

Урад Славакіі адменіць абавязковае нашэнне масак на вуліцы, аднак патрабаванне надзяваць іх у памяшканні застанецца.

Будуць адкрыты граніцы з Германіяй, Ліхтэнштэйнам, Швейцарыяй, Славеніяй, Харватыяй, Балгарыяй, Грэцыяй, Кіпрам, Мальтай, Эстоніяй, Латвіяй, Літвой, Фінляндыяй, Нарвегіяй, Даніяй і Ісландыяй. Таксама будуць адноўлены ўсе віды транспартных зносін з гэтымі краінамі.

Раней Славакія адкрыла граніцы з Чэхіяй, Аўстрыяй і Венгрыяй.

Паводле слоў прэм`ер-міністра, абавязковы каранцін пасля прыезду з пералічаных краін будзе адменены. Грамадзяне, якія прыбываюць з іншых дзяржаў, павінны будуць самаізалявацца і прайсці тэст на каранавірус.

Паводле даных на 9 чэрвеня, у Славакіі з насельніцтвам 5,5 млн чалавек зарэгістраваны 1531 выпадак захворвання на COVID-19, памерлі 28 чалавек.

9 чэрвеня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-411/1/54025
Текущая дата: 04.05.2024