Белорусский портал в Казахстане

Авіякампаніі "Белавія" і "Эмірэйтс" падпісалі шэраг камерцыйных пагадненняў



Пра гэта паведаміла прэс-служба беларускага авіяперавозчыка.

26 ліпеня набылі моц інтэрлайн і спецпрарэйтавае пагадненні, у тым ліку ўкаранёны электронны інтэрлайн. Гэтыя пагадненні прадугледжваюць прызнанне перавозачных дакументаў паміж партнёрамі, а таксама даюць ім права афармляць білеты на рэйсы адзін аднаго. Пасажыры ў сваю чаргу могуць набываць авіябілеты па ўсім маршруце руху абедзвюх авіякампаній.

З 26 ліпеня кліенты авіякампаніі "Белавія" і "Эмірэйтс" могуць падарожнічаць транзітам паміж Мінскам і Дубаем праз розныя трансферныя пункты: Маскву, Санкт-Пецярбург, Стамбул, Парыж і Франкфурт.

"Дзякуючы супрацоўніцтву дзвюх авіякампаній пасажыры атрымаюць магчымасць аформіць адзіны білет на рэйсы абодвух авіяперавозчыкаў. Таксама гэта дазваляе скарыстацца найбольш зручнымі стыкоўкамі і набыць квіток па больш прывабным кошце, што, безумоўна, зробіць падарожжа яшчэ больш камфортным", — пракаментаваў новыя дамоўленасці генеральны дырэктар ААТ "Авіякампанія "Белавія" Анатоль Гусараў.

У сваю чаргу рэгіянальны менеджар "Эмірэйтс" па камерцыйнай дзейнасці ў Еўропе і Расійскай Федэрацыі Ягор Плахаў адзначыў: "Мы рады паведаміць аб партнёрстве з "Белавія" і прапанаваць падарожнікам з Мінска больш зручны доступ да маршрутнай сеткі "Эмірэйтс" і магчымасць ацаніць наш сэрвіс".

"Эмірэйтс" ужо чацвёрты перавозчык з рэгіёну Персідскага заліва, з якімі авіякампанія "Белавія" заключыла партнёрскія дамовы.

Авіякампанія "Белавія" — найбуйнейшы авіяперавозчык Беларусі. Месціцца ў нацыянальным аэрапорце Мінск і ажыццяўляе рэгулярныя рэйсы ў 49 аэрапортаў 28 краін. "Белавія" створаная 5 сакавіка 1996 года. З 1997 года з`яўляецца сапраўдным членам Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту (IATA), з 2010-га — членам Асацыяцыі еўрапейскіх рэгіянальных авіякампаній (ERAA). Флот авіякампаніі налічвае 26 паветраных суднаў (пяць Boeing 737-800, шэсць Boeing 737-500, сем Boeing 737-300, два Embraer-175, два Embraer-195, чатыры CRJ-100/-200).

Кампанія "Эмірэйтс" заснаваная ў 1985 годзе. Месціцца ў Дубаі (ААЭ) і мае парк з больш за 250 сучасных шырокафюзеляжных самалётаў і выконвае палёты па больш чым 150 кірунках на пяці кантынентах. З`яўляецца першай і адзінай авіякампаніяй у свеце, якая выконвае пасажырскія рэйсы толькі на самалётах Airbus A380 і Boeing 777".

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 26 ліпеня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-411/27/40171
Текущая дата: 23.11.2024