Белорусский портал в Казахстане

Інтэрнэт-партал Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ўвайшоў у шорт-ліст конкурсу World Summit Awards



Пра гэта паведамляе прэс-служба НББ.

Інтэрнэт-партал Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (НББ) увайшоў у кароткі спіс прэтэндэнтаў на перамогу ў конкурсе Арганізацыі Аб`яднаных Нацый World Summit Awards у намінацыі "Культура і турызм".

У канцы мінулага тыдня анлайн-журы конкурсу адабрала ў шорт-ліст каля 130 праектаў з розных краін. "Кожны інфармацыйны прадукт быў ацэнены васьмю членамі журы, прадстаўнікамі розных рэгіёнаў свету і розных прафесійных галін, што гарантавала дэмакратычны адбор. Пры аналізе ўлічваўся ўплыў на грамадства лакальнага лічбавага кантэнту і прыцягненне ўвагі да інавацыйных медыяпрадуктаў", — гаворыцца ў паведамленні НББ.

Спіс фіналістаў разгледзіць вялікая калегія журы. Пераможцаў ва ўсіх намінацыях конкурсу вызначаць у канцы лістапада. Узнагароджанне лаўрэатаў адбудзецца на Глабальным кангрэсе WSA вясной 2019 года.

World Summit Awards з`яўляецца міжнародным конкурсам Сусветнага саміту ААН, які накіраваны на падтрымку лічбавых інавацый з высокім патэнцыялам уплыву на грамадства. Конкурс праводзіцца з 2003 года. У 2018 годзе на ўдзел у WSA было пададзена 438 заявак ад прадстаўнікоў больш чым ста краін.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 8 лістапада 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/1/45532
Текущая дата: 26.04.2024