Белорусский портал в Казахстане

Санкцыі супраць суддзяў супярэчаць усім еўрапейскім стандартам і канвенцыям



Пра гэта заявіў старшыня Вярхоўнага Суда Валянцін Сукала на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання ганаровымі граматамі і падзякамі ад імя старшыні Вярхоўнага Суда журналістаў беларускіх сродкаў масавай інфармацыі.

«Судовая сістэма цяпер працуе ў вельмі складаных умовах – шантажу, адкрытага ціску, пагроз, замахаў на здароўе і маёмасць суддзяў. Суддзі аказаліся на вастрыі грамадскага супрацьстаяння, якое было. Паколькі цяпер (адпаведныя.) справы працягваюць разглядацца, то суддзі, якія іх разглядаюць, так ці інакш адчуваюць гэта на сабе», — сказаў Валянцін Сукала, удакладніўшы, што маюцца на ўвазе ў тым ліку санкцыі.

«Калі ў дачыненні да суддзяў уводзяцца санкцыі праз разгляд канкрэтных спраў, гэта супярэчыць усім еўрапейскім стандартам, канвенцыям і прынцыпам незалежнасці правасуддзя. У дачыненні да суддзяў гэта недапушчальна», — адзначыў старшыня ВС. Разам з тым, заўважыў ён, пад санкцыямі знаходзяцца каля 150 беларускіх суддзяў.

Валянцін Сукала таксама ўпэўнены, што нельга недаацэньваць значэнне абвастрэння інфармацыйнага супрацьстаяння і лёгка да гэтага ставіцца. Распаўсюд фэйкаў у сацсетках можа мець сур’ёзныя наступствы, дадаў ён.

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання ганаровымі граматамі і падзякамі ад імя старшыні Вярхоўнага Суда адбылася ў сувязі са святкаваннем 100-годдзя з дня ўтварэння вышэйшага судовага органа краіны. Сярод узнагароджаных — прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі, якія доўгія гады плённа супрацоўнічаюць з Вярхоўным Судом.

Звязда, 12 красавіка 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/103/69034
Текущая дата: 18.11.2024