Белорусский портал в Казахстане

Саломапляценне Беларусі ўключана ў спіс спадчыны ЮНЕСКА



Аб гэтым паведамілі ў Міністэрстве культуры.

На 17-й сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА 1 снежня ў Марока прынята рашэнне аб уключэнні беларускай намінацыі «Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні» ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Удзел у сесіі прыняла намеснік начальніка ўпраўлення па гісторыка-культурнай спадчыне Міністэрства культуры Беларусі Марыя Нецвятаева.

Намінацыя падрыхтавана ў 2020-2021 гадах пры фінансавай і арганізацыйнай падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Беларускія творы з саломкі не маюць аналагаў у свеце, з’яўляюцца адной з найбольш нацыянальна адметных формаў выяўлення духоўных каштоўнасцей і мастацкіх традыцый беларусаў. Не будзе перабольшаннем сказаць, што ў Беларусі гэты від рамяства здабыў новае жыццё, узбагаціў арсенал народнага мастацтва новымі знаходкамі, стаў масавым відам сучаснай мастацкай творчасці. Вызначэнне «Беларуская саломка» набыло значэнне нацыянальнага брэнда. Мастацкія вырабы і сувеніры з саломкі беспамылкова асацыююцца з Беларуссю, сведчаць аб творчых здольнасцях і працавітасці беларусаў.

Для Беларусі гэта пяты элемент, які ўключаны ў Рэпрызантыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, разам з абрадамі «Калядныя цары» і «Юр’еўскі карагод», Будслаўскім фэстам і традыцыямі бортніцтва.

Звязда, 1 снежня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/121/67256
Текущая дата: 07.10.2024