У VI Міжнародным экалагічным тэле-радыёфестывалі «Тэрыторыя заўтра», які праходзіў у Ніжнім Ноўгарадзе, прынялі ўдзел некалькі праектаў з Беларусі, якія атрымалі высокую ацэнку журы, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».
У конкурсе апроч беларускіх аўтараў прымалі ўдзел прадстаўнікі Расіі, Ірана, Узбекістана, Казахстана, Сербіі, Малдовы, Індыі і Луганскай Народнай Рэспублікі. На фестывалі было прадстаўлена больш за 170 работ.
У фінальную частку ўвайшоў відэаролік аб будаўніцтве штучнай загароды ў Белавежскай пушчы тэлерадыёкампаніі «Брэст». Ён уздымае сур’ёзную экалагічную праблему: пасля ўзвядзення Польшчай на польска-беларускай мяжы высокага плота з калючым дротам, які падзяляе запаведнік, у Белавежскай пушчы будзе парушаная экасістэма, пацерпяць папуляцыі дзікіх жывёл, у тым ліку зубра. «Вышыня сцяны — пяць з паловай метраў, меркаваная працягласць — 186 кіламетраў, — гаворыцца ў тэлевыпуску. — Белавежская пушча можа страціць сваю цэласнасць як унікальная трансгранічная прыродная тэрыторыя. Дзве краіны — адна пушча. Жывёлы без межаў!» Праца атрымала спецыяльны прыз конкурсу.
Дыпломамі адзначаны і іншыя беларускія працы-фіналісты. Сярод іх — цыкл праграм «Зялёны свет» вытворчасці радыё «Мір» (прадстаўніцтва МТРК «Мір» у Беларусі), сюжэт тэлеканала АНТ «Лекі для пчол» аб адным з праектаў ініцыятывы «100 ідэй для Беларусі». Спецыяльнага Падзячнага ліста ўдастоена Мінская гімназія № 19 за сістэмны падыход да экалагічнай адукацыі і выхавання дзяцей і падлеткаў.
Дырэкцыя фестывалю таксама падзякавала за ўдзел у фестывалі і наватарства ў экалагічнай асвеце мінскага эколага і педагога Руслана Шайкіна, калектыў і вучняў сярэдняй школы № 12 г. Гродна, рэдакцыю «Радыё-Мінск», Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.
Звязда, 21 верасня 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/137/66551
Текущая дата: 19.11.2024