Ёсць дзве асноўныя прычыны, па якіх жыхары краін, якія развіваюцца, звяртаюцца да крыптавалют: пандэмія і фінансавая нестабільнасць.
Беларусы па колькасці крыптакашалькоў на душу насельніцтва ўвайшлі ў дваццатку рэйтынгу, складзенага ААН па гандлі і развіцці (UNCTAD).
Беларусь размясцілася там на 19-й пазіцыі.
У тройку лідэраў увайшлі Украіна, Расія і Венесуэла, а вось закрывае топ-20 уладальнікаў крыптавалюты Аўстралія.
Як адзначаецца ў справаздачы, выкарыстанне крыптавалют вельмі моцна павялічылася падчас пандэміі. А яшчэ на фоне абясцэньвання валют і росту інфляцыі крыптавалюты ўспрымаліся як спосаб абараніць зберажэнні хатніх гаспадарак.
У даследаванні таксама гаворыцца, што крыптавалютная экасістэма пашырылася на 2300% у перыяд з верасня 2019 года па чэрвень 2021 года, асабліва ў краінах, якія развіваюцца. Так, паводле некаторых ацэнак, 15 з 20 краін з рэйтынгу адносяцца менавіта да краін, якія развіваюцца, а гэта ў сваю чаргу прыводзіць да значных рызык для нацыянальных валют і макраэканамічнай стабільнасці гэтых краін.
У сувязі з гэтым UNCTAD рэкамендуе краінам, якія развіваюцца, забяспечыць фінансавае рэгуляванне гэтага працэсу і абмежаваць рэкламу, звязаную з крыптавалютамі. Таксама трэба прадаставіць бяспечную, надзейную і даступную дзяржаўную плацежную сістэмы, якая будзе адаптаваная да працэсаў, звязаных з лічбавай валютай.
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/147/65857
Текущая дата: 20.11.2024