Белорусский портал в Казахстане

Змяненне клімату, выкліканае дзейнасцю чалавека, прывяло да паскоранага раставання ледавікоў на самай высокай гары Зямлі - Эверэсце



Аб гэтым паведамляе навуковы часопіс Nature Climate.

Група кліматолагаў змерала ледавік Паўднёвае сядло каля самай вяршыні гары. Вынікі паказалі, што антрапагеннае ўздзеянне вельмі моцна паўплывала на высакагорны ледавік. За 25 гадоў ён стаў танчэйшы прыкладна на 55 м. Гэта значыць, што ледзяное покрыва растае ў 80 разоў хутчэй, чым нарастае. З канца 1990-х гадоў Эверэст страціў аб`ём лёду, на накапленне якога спатрэбілася б 2 тыс. гадоў. Навукоўцы апасаюцца, што ў хуткім будучым тэмпы раставання могуць узрасці.

Галоўнай прычынай страты масы ледавіка стала цёплае паветра, хоць моцны вецер і зніжэнне вільготнасці таксама адыгралі сваю ролю. Яшчэ некалькі гадоў таму навукоўцы заўважылі, што лёд, які растае, пачаў адкрываць целы альпіністаў, загінулых у час узыходжання.

Раставанне не толькі ўскладніць пад`ём на вяршыню. Ад запасаў талай вады на Гімалайскім горным хрыбце залежыць каля мільярда жыхароў рэгіёна. Спусташэнне запасаў здольна выклікаць гуманітарную катастрофу ў будучым.

3 лютага 2022, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/177/63276
Текущая дата: 09.10.2024