Белорусский портал в Казахстане

Карціну Пікаса за £20 млн пашкодзілі ў лонданскім музеі



У Вялікабрытаніі прад`явілі абвінавачванне вандалу, які пашкодзіў карціну Пабла Пікаса «Бюст жанчыны» коштам каля £20 млн (€ 23,42 млн) у лонданскай галерэі сучаснага мастацтва «Тэйт».

«Упаўнаважаныя, якія расследавалі інцыдэнт з пашкоджаннем карціны ў галерэі «Тэйт Мадэрн», прад`явілі абвінавачванне мужчыне ў суботу, 28 снежня», - адзначылі ў брытанскай паліцыі.

Палатно Пікаса парваў 20-гадовы Шакіл Мэсі. У судзе зламыснік заявіў, што будзе адмаўляць абвінавачванні. Яго ўзялі пад варту да судовага пасяджэння, якое адбудзецца 30 студзеня.

Супрацоўнікі галерэі не ўдакладнілі ступень пашкоджання карціны. Палатно прыбралі з экспазіцыі, пры гэтым музей працягне прымаць наведвальнікаў.

На карціне Пікаса «Бюст жанчыны» намаляваная каханая мастака Дора Маар. Палатно было напісана ў Парыжы ў маі 1944 года - у апошнія месяцы нацысцкай акупацыі.

Звязда, 1 студзеня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/310/51111
Текущая дата: 13.10.2024