Белорусский портал в Казахстане

Служба бяспекі Украіны дэпартавала беларускага журналіста Карназыцкага за "дэструктыўную дзейнасць"



Служба бяспекі Украіны ўвечары 2 студзеня паведаміла пра дэпартацыю 43-гадовага беларускага журналіста Паўла Карназыцкага. Ураджэнцу Пастаў (Віцебская вобласць) забаронены ўезд на тры гады.

Паводле інфармацыі прэс-службы ведамства, СБУ "блакавала дэструктыўную дзейнасць грамадзяніна Рэспублікі Беларусь П.Карназыцкага, які распаўсюджваў антыўкраінскую прапаганду на тэрыторыі нашай дзяржавы".

Аператыўнікі спецслужбы ўстанавілі, што Карназыцкі, які пражываў ва Украіне нелегальна, "публічна распаўсюджваў фэйкавую інфармацыю". "У прыватнасці, падчас выступаў на некаторых тэлевізійных каналах ён ставіў пад сумнеў прызнаныя міжнароднай супольнасцю доказы прысутнасці войскаў краіны-агрэсара на часова акупаваных тэрыторыях нашай дзяржавы", — адзначаецца ў рэлізе.

Акрамя таго, Карназыцкі "неаднаразова публікаваў Антыўкраінскія матэрыялы на медыярэсурсах, падкантрольных тэрарыстычным арганізацыям "ДНР" і "ЛНР".

Кіраўнік СБУ Васіль Грыцак адзначыў, што пасля ўвядзення абмежаванняў на ўезд расійскіх грамадзян ва Украіну спецслужбы РФ усё часцей прыцягваюць да правакацый замежнікаў. "Дзейнасць падобных праплочаных Расіяй прапагандыстаў не толькі нясе пагрозу нацыянальным інтарэсам Украіны, але і супярэчыць заканадаўству краін іх паходжання", — адзначыў Грыцак.

Карназыцкі пакінуў Беларусь па палітычных матывах каля 20 гадоў таму.

БелаПАН
Мінск, 3 студзеня 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/344/46401
Текущая дата: 14.10.2024