У рэзалюцыі, прынятай 6 красавіка на сесіі ў Страсбургу, Еўрапарламент асудзіў рэпрэсіі ў Беларусі і заклікаў беларускія ўлады паважаць правы і свабоды грамадзян.
Еўрапарламент асуджае разгон мірных дэманстрацый пратэсту і рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія ўдзельнічалі ў вулічных акцыях. Адзначаецца, што, нягледзячы на заклікі міжнароднай супольнасці да стрыманасці, рэакцыя сілавых структур была празмернай і непрапарцыйнай. Еўрапарламент занепакоены апошнімі падзеямі ў Беларусі і падкрэслівае неабходнасць большай дэмакратызацыі.
Еўрапейскія парламентарыі асуджаюць неабгрунтаваныя абмежаванні правоў на свабоду мірных сходаў, свабоду слова і асацыяцый, а таксама пераслед незалежных журналістаў, апазіцыі, праваабаронцаў і пратэстоўцаў.
У рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік да беларускіх улад неадкладна і без якіх-небудзь умоў вызваліць усіх затрыманых, а таксама адмяніць ўсе судовыя рашэнні ў дачыненні да ўдзельнікаў акцый пратэсту, журналістаў, праваабаронцаў, актывістаў грамадзянскай супольнасці і апазіцыі, якія былі затрыманыя падчас дэманстрацый.
Еўрапарламент заяўляе аб непрымальнасці практыкі прэвентыўных арыштаў і патрабуе ад уладаў інфармаваць аб усіх затрыманых іх сем`і і грамадскасць.
Прымяненне сілы ў дачыненні да любога грамадзяніна, які ўдзельнічае ў мірным пратэсце, не можа быць апраўданае ні пры якіх абставінах, падкрэсліваецца ў рэзалюцыі. Рэпрэсіі, якія парушаюць права на свабоду слова і сходаў, супярэчаць міжнародным абавязацельствам і Канстытуцыі Беларусі.
Еўрапарламент заклікае ўрад Беларусі пачаць адкрыты дыялог са сваімі грамадзянамі, арганізацыямі грамадзянскай супольнасці і незалежнымі СМІ, а таксама неадкладна правесці дбайнае і бесстаронняе расследаванне ўсіх паведамленняў аб адвольных затрыманнях і іншых парушэнняў правоў грамадзян. "У выпадку невыканання такіх расследаванняў ЕС можа прымяніць новыя абмежавальныя меры ў дачыненні да высокапастаўленых службовых асобаў, адказных за нядаўнія рэпрэсіі", — гаворыцца ў рэзалюцыі.
Еўрапейскі парламент заклікае беларускія ўлады спыніць пераслед незалежных СМІ паводле палітычных матываў, а журналістаў — за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі.
Еўрапарламентарыі таксама заклікаюць беларускія ўлады спыніць пераслед грамадзянскіх актывістаў і адмяніць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі), забяспечыць поўнае і бесперашкоднае функцыянаванне ўсіх грамадскіх асацыяцый і арганізацый.
Парламенцкую асамблею АБСЕ, якая плануе правесці сваю летнюю сесію ў Мінску ў ліпені гэтага года, Еўрапарламент заклікае ўлічыць нядаўнія падзеі ў Беларусі і, як мінімум, забяспечыць удзел у сесіі прадстаўнікоў апазіцыі, незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці.
Беларускім уладам таксама адрасаваны заклік да канструктыўнага дыялогу з апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю, супрацоўніцтва са спецыяльным дакладчыкам ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі (беларускія ўлады доўгі час адмаўляюцца ад супрацоўніцтва са спецдакладчыкам ААН і не дазваляюць яму наведаць краіну.) і правядзення даўно чаканых рэформаў для паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека і дэмакратыяй.
Беларускаму кіраўніцтву рэкамендавана адмяніць дэкрэт прэзідэнта № 3 як "адвольную, жорсткую і маральна сумнеўную меру, якая парушае правы чалавека".
Еўрапарламент заклікае ўрад аднавіць працу над рэформай выбарчага заканадаўства і супрацоўнічаць па гэтым пытанні з міжнароднымі партнёрамі.
У рэзалюцыі таксама ўтрымліваецца заклік ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку на шляху да яго поўнай адмены.
Еўрапарламент раіць працягнуць мандат спецдакладчыка ААН па Беларусі, а таксама заклікае структуры ЕС і краіны-члены ўсяляк садзейнічаць працягу мандата.
Еўрапейская служба знешніх дзеянняў, на думку Еўрапарламента, павінна працягнуць і ўзмацніць падтрымку арганізацый грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Еўрапарламент згадвае важнасць падтрымкі "ўсіх незалежных крыніц інфармацыі для беларускага грамадства, уключаючы СМІ, якія вяшчаюць на беларускай мове з-за мяжы".
Еўракамісіі рэкамендавана працягнуць падтрымку адукацыйных праграм, якія дазваляюць маладым беларусам праходзіць навучанне ў ЕС, і паскорыць працэс падачы заявак на візу і стыпендыі.
Акрамя таго, еўрадэпутаты заклікаюць Еўракамісію гарантаваць самыя высокія стандарты ядзернай бяспекі на Беларускай АЭС, якая будуецца ў Астраўцы, а таксама праверыць на адпаведнасць санкцыям ЕС у дачыненні да Расіі ўдзел Еўрапейскага інвестыцыйнага банка ў фінансаванні будаўніцтва АЭС у Беларусі.
Паважанне фундаментальных грамадзянскіх свабод, вяршэнства закону і правоў чалавека будзе мець вырашальнае значэнне для далейшых адносін ЕС і Беларусі, падкрэсліваецца ў рэзалюцыі.
Таццьяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 6 красавіка 2017
Мінск, 6 красавіка 2017
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/407/39023
Текущая дата: 20.11.2024