Пальмовай (Вербнай) нядзеляй распачынаецца ў Каталіцкім Касцёле Вялікі тыдзень. У гэты дзень у літургіі ўзгадваецца ўрачысты ўваход Езуса Хрыста ў Ерузалем за пяць дзён да Яго ўкрыжавання.
Як пішуць eвангелісты, людзі з натоўпу, якія віталі Хрыста, слалі на дарозе сваю вопратку, а таксама аліўныя і пальмoвыя галінкі, усклікаючы пры гэтым: «Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у Імя Пана».
На літургію святары апранаюцца ў літургічнае адзенне чырвонага колеру. У гэты дзень падчас святой Імшы чытаецца або спяваецца з падзелам на ролі апісанне Мукі Хрыста. Таму другая назва Пальмовай нядзелі — нядзеля Мукі Пана. Нягледзячы на гэта, урачыстасць мае адначасова радасны характар, бо з яе пачынаецца літургічны ўспамін падзей, у якіх здзейснілася збаўленне свету.
Хрысціянскія таямніцы веры ўзаемна прасякаюць адна адну: хвала і радасць ствараюць непадзельную цэласнасць з цярпеннем, а яно, у сваю чаргу, прадвяшчае ўваскрасенне і збаўленне. Удзел у літургіі Пальмовай нядзелі азначае згоду вернікаў прыняць крыж і цярпенне з Хрыстом. Згоду ісці да жыцця не іншым, а менавіта гэтым шляхам — шляхам, які паказаў нам Збаўца.
На пачатку літургіі Пальмовай нядзелі чытаецца Евангелле пра трыумфальны ўваход Езуса Хрыста ў Ерузалем, пасля чаго святар благаслаўляе галінкі вербаў і пальмаў, прынесеныя вернікамі, а потым адбываецца ўрачыстая працэсія. Пазней асвечаныя галінкі спаляць, а попелам, які ад іх застанецца, будуць пасыпаны галовы вернікаў у Папяльцовую сераду наступнага года.
Пасля вяртання дадому, некаторыя вернікі змяшчаюць благаслаўленыя галінкі за крыжы і абразы. Раней гэтыя галінкі ўтыкалі таксама на поле, каб Бог абегараў пасевы ад граду, сушы і празмерных дажджоў.
Пачатак святкавання Пальмовай нядзелі мы знаходзім у VІ стагоддзі ў Ерузалеме. Урачыстая працэсія з галінкамі пальмаў праходзіла ў той час з Бэтаніі да Ерузалема і выяўляла радаснае вітанне Хрыста. Людзі як мага дакладней стараліся паказаць сцэны з жыцця Хрыста.
Звычай благаслаўлення пальмовых і вербных галінак з’явіўся ва ўсім Касцёле ў XI стагоддзі.
Пальмовая нядзеля вельмі ўрачыста адзначаецца ў Касцёле ў Беларусі. У Мінску ва ўрачыстасцях Пальмовай нядзелі ў архікатэдральнай парафіі ўжо шмат гадоў ўдзельнічае вослік, на якім едзе мужчына, што прадстаўляе Езуса.
У Гродне моладзь збіраецца з прынесенымі вялікімі пальмамі, вышыня якіх дасягае некалькіх метраў і кожная з якіх адметная і прыгожая. Гэтыя пальмы вырабляе сама моладзь, задоўга да Пальмовай нядзелі.
У катэдральных касцёлах у Пінску і Віцебску таксама цэлебруецца ўрачыстая святая Імша, найчасцей з удзелам біскупа. У кожным касцёле і капліцы вялікая колькасць вернікаў, якія такім чынам хочуць увайсці ў перажыванне Вялікага тыдня. У Вялікім тыдні кожны дзень выключны і непаўторны. Таму кожны яго дзень таксама мае назву «Вялікі» (Вялікі панядзелак і г. д.).
Не варта чакаць раніцы нядзелі Уваскрасення Пана, бо святкаванні пачынаюцца ўжо зараз, з Пальмовай нядзелі мы ўваходзім у час збаўлення.
Варта рыхтаваць да гэтага часу не толькі свае дамы і святочныя сталы, але перш за ўсё зрабіць парадак у сваім сэрцы. Варта прызнаць Езуса Каралём і Панам свайго жыцця — а значыць быць гатовым разам з Ім да прыніжэння і пагарды. Прызнаць Езуса Каралём — значыць бачыць сэнс і мэту ўласнага жыцця ў крыжы і цярпенні.
Гэта — Вялікі тыдзень, які мы распачынаем сёння. Гэта — вялікая таямніца веры Касцёла.
Таму на працягу гэтага тыдня і Пасхальнага Трыдууму асаблівым чынам «абвяшчаем смерць Тваю, Пане Езу, вызнаём Тваё ўваскрасенне і чакаем Твайго прыйсця ў хвале».
Кс. Юрый Марціновіч
catholic.by, 9 красавіка 2017
catholic.by, 9 красавіка 2017
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/407/39048
Текущая дата: 20.11.2024