Белорусский портал в Казахстане

І Беларускія музычныя сезоны ў Францыі адкрыюцца 26 мая



І Беларускія музычныя сезоны ў Францыі адкрыюцца 26 мая канцэртам камернай музыкі ў выкананні музыкантаў з Беларусі і Нідэрландаў.

Аб гэтым паведамілі ў пасольстве па выніках сустрэчы 24 сакавіка пасла Беларусі ў Францыі, пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры ЮНЕСКА Паўла Латушкі з кіраўніком Франка-беларускай асацыяцыі "Жыццё ў Музыцы" Георгіем Сасноўскім.

"Мерапрыемства будзе прадоўжана 12-19 кастрычніка канцэртнымі выступленнямі маладых беларускіх музыкантаў у Парыжы", - удакладнілі прадстаўнікі пасольства. Паводле іх інфармацыі, прынята ўжо рашэнне аб правядзенні міжнароднага музычнага форуму "Беларускія музычныя сезоны ў Францыі", да ўдзелу ў якім будуць запрашацца таленавітыя музыканты, на пастаяннай аснове.

На сустрэчы бакі ў цэлым абмеркавалі сумесныя праекты пасольства і Асацыяцыі па развіцці беларуска-французскага культурнага супрацоўніцтва.

Асацыяцыя "Жыццё ў Музыцы" на пастаяннай аснове аказвае падтрымку ў арганізацыі беларускіх культурных мерапрыемстваў у Францыі. У сувязі з 10-годдзем яе творчай дзейнасці ў Мінску і Парыжы запланаваны шэраг культурных мерапрыемстваў. Так, у красавіку ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі і Нацыянальнай бібліятэцы адбудуцца канцэрты з удзелам беларускіх і французскіх музыкантаў.

Канцэрты адбудуцца пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Беларусі, Міністэрства культуры Беларусі, пасольства Беларусі ў Францыі і Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Акрамя таго, у пасольстве распавялі, што 23 сакавіка Павел Латушка сустрэўся з галоўным выканаўчым дырэктарам Euronews Міхаэлем Петэрсам.

"У час размовы разгледжаны пытанні пашырэння ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Euronews. У прыватнасці, абмеркаваны перспектывы рэалізацыі сумесных праектаў з Euronews і магчымасці прадстаўлення Беларусі на адным з вядучых тэлеканалаў Еўропы", - удакладнілі спецыялісты.

25 сакавіка 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/408/34887
Текущая дата: 09.05.2024