Белорусский портал в Казахстане

У архівах Ватыкана захоўваюцца дакументы, якія могуць многае расказаць пра беларускую гісторыю



Пра гэта заявіў апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр.

Архівы Ватыкана могуць праліць святло на многія моманты беларускай гісторыі, перакананы апостальскі нунцый Паводле яго слоў, каб трапіць у архівы Ватыкана, не трэба быць святаром, сёння ўсё часцей прыязджаюць эксперты з асяроддзя прафесійных архівістаў.

Ватыкан гатовы да супрацоўніцтва з навукоўцамі, якія жадаюць папрацаваць у старажытных архівах, аднак "фінансавацца гэтыя праекты павінны за кошт урада той краіны, адкуль прыбыў даследчык, або якога-небудзь фонду", дадаў арцыбіскуп.

"Ватыкан заўсёды адкрыты для тых навукоўцаў, якія прыязджаюць займацца даследаваннямі ў бібліятэкі, музеі і архівы. Я ўпэўнены, што мноства дэталяў беларускай гісторыі можа быць знойдзенае ў архівах Ватыкана — бо гэта першы і самы вялікі архіўны комплекс у свеце. Усё залежыць толькі ад жадання даследчыкаў", — падкрэсліў апостальскі нунцый.

Паводле яго слоў, цяпер у архівах Ватыкана беларускіх даследчыкаў няма. "Але я ўяўляю, колькі там для іх магчымасцяў, і мы можам паспрыяць таму, каб беларускія спецыялісты маглі там папрацаваць", — запэўніў арцыбіскуп Пінтэр.

У цэлым, лічыць дыпламат, супрацоўніцтва Беларусі і Ватыкана ў галіне культуры сёння наладжанае так добра, як нішто іншае. Ён прывёў у прыклад выставу беларускіх абразоў, якая амаль паўгода таму з поспехам прайшла ў Рыме, а таксама нядаўні візіт у Ватыкан дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Рамана Матульскага.

"Гэты працэс працягваецца, культурнае ўзаемадзеянне — гэта вельмі паспяховы напрамак супрацоўніцтва", — падкрэсліў кіраўнік дыпмісіі Святога пасаду.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 2 студзеня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/413/38279
Текущая дата: 20.11.2024