Белорусский портал в Казахстане

Заява дырэктара РІСД адносна Беларусі выклікае здзіўленне



Статс-сакратар - намеснік міністра замежных спраў Расіі Рыгор Карасін заявіў карэспандэнту ТАСС, што выказванні дырэктара Расійскага інстытута стратэгічных даследаванняў (РІСД) Леаніда Рашэтнікава аб гісторыі расійска-беларускіх адносін выклікаюць здзіўленне.

"Што датычыцца канкрэтнай заявы Леаніда Рашэтнікава, пра якую ідзе размова, яна ў мяне выклікала здзіўленне", - сказаў Рыгор Карасін.

На сайце пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі паведамляецца, што 23 снежня ў Маскве адбылася планавая сустрэча Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Ігара Петрышэнкі са статс-сакратаром - намеснікам міністра замежных спраў РФ Рыгорам Карасіным.

Бакі абмеркавалі актуальныя пытанні беларуска-расійскіх адносін.

Раней, 22 снежня, у Міністэрства замежных спраў Беларусі быў выкліканы саветнік-пасланнік пасольства Расіі ў Беларусі Вадзім Гусеў. У ходзе сустрэчы ў МЗС расійскаму дыпламату быў заяўлены пратэст у сувязі з растыражаванымі СМІ выказваннямі дырэктара Федэральнай дзяржаўнай навуковай бюджэтнай установы "Расійскі інстытут стратэгічных даследаванняў" Леаніда Рашэтнікава ў адрас Беларусі і аб беларускай мове.

Была дадзена прынцыповая ацэнка адносна неабгрунтаванасці па сутнасці і катэгарычнай непрымальнасці па форме такіх заяў.

"Падкрэслена, што яны абсалютна не адпавядаюць стратэгічнаму характару беларуска-расійскіх адносін, а таксама зафіксаваным у двух- і шматбаковых дакументах прынцыпам, на якіх грунтуецца супрацоўніцтва нашых брацкіх дзяржаў, - прынцыпам павагі суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці", - заявілі ў МЗС.

23 снежня 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/414/38121
Текущая дата: 20.11.2024