Белорусский портал в Казахстане

Саюз беларускіх пісьменнікаў спадзяецца, што польскі ўрад будзе працягваць падтрымку "Белсата"



Рада і сакратарыят грамадскага аб`яднання "Саюз беларускіх пісьменнікаў" (СБП) выказалі занепакоенасць сітуацыяй вакол тэлеканала "Белсат".

"Усведамляючы важнасць атрымання грамадзянамі Беларусі аб`ектыўнай і нецэнзураванай інфармацыі па-беларуску, СБП заклікае польскі бок перагледзець планы наконт ліквідацыі "Белсата", — гаворыцца ў заяве саюза. — "Белсат" на працягу дзевяці гадоў свайго існавання шырока асвятляў культурную сітуацыю, выступаў трыбунай для дзеячаў культуры, незалежных літаратараў, мастакоў, музыкантаў, якія не маюць у Беларусі доступу да афіцыйнага тэлебачанні і СМІ наогул".

У заяве падкрэсліваецца, што незалежныя крыніцы інфармацыі з`яўляюцца "неад`емнай часткай існавання дэмакратычнага еўрапейскай супольнасці, іх аслабленне і ліквідацыя пакідаюць беларусаў безабароннымі, што ва ўмовах татальнай русіфікацыі і ваяўнічага наступу "рускага свету" можа мець самыя драматычныя наступствы".

У СБП спадзяюцца, што Польшча знойдзе магчымасць захаваць "Белсат" і "застанецца вернай прынцыпам свабоды слова і дэмакратыі".

Пра тое, што МЗС Польшчы скарачае на дзве траціны фінансаванне "Белсата", і пра магчымы перавод тэлеканала на рускамоўнае вяшчанне паведаміла 15 снежня польскаму выданню wPolityce дырэктар "Белсата" Агнешка Рамашэўска-Гузы. Навіна выклікала шырокі грамадскі рэзананс у Беларусі.

МЗС Польшчы заявіў, што рашэнне аб фінансаванні "Белсата" пакуль не прынята. Крыху пазней міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі ў інтэрв`ю wPolityce паведаміў, што ўрад плануе аб`яднаць усе замежныя рэдакцыі TVP Polonia, у структуру якога ўваходзіць "Белсат", у адну. Паводле слоў міністра, "беларуская рэдакцыя "Белсата" не будзе закрыта, а яго дырэктару Агнешцы Рамашэўскай-Гузы "прапанавана праца ў TVP Polonia на высокай пасадзе". "Журналісты беларускай рэдакцыі атрымаюць магчымасць далейшай працы. Змогуць працягнуць працу над парталам і ствараць матэрыялы для TVP Polonia", — запэўніў Вашчыкоўскі.

Спадарожнікавы тэлеканал "Белсат" вяшчае на Беларусь з 10 снежня 2007 года. Ён створаны як структурнае падраздзяленне Польскага тэлебачання, рэдакцыя "Белсата" размяшчаецца ў Варшаве.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 21 снежня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/415/38089
Текущая дата: 20.11.2024