Белорусский портал в Казахстане

На фестывалі Watch DOCs Belarus сёлета пакажуць фільмы аб праблемах моладзі, грамадскіх актывістах і ваенных канфліктах на Усходзе



Пра гэта паведамілі арганізатары кінафоруму.

Міжнародны фестываль дакументальнага кіно Watch DOCs Belarus, прысвечаны правам чалавека, пройдзе 15—18 снежня ў Мінску. 

Фестываль зарадзіўся 15 гадоў таму ў Польшчы, але ўжо ў другі раз будзе праводзіцца ў беларускай сталіцы. У Беларусі форум арганізуецца валанцёрамі і фінансуецца за кошт ахвяраванняў неабыякавых да дакументалістыкі людзей.

Каб дапамагчы з фінансаваннем праекта, сёлета шэраг мінскіх кафэ і бараў далучыліся да акцыі "Кава ў абмен на кіно", калі на рахунак кінафоруму ідзе па 50 капеек з кожнага набытага наведвальнікамі кубка кавы. Арганізатары таксама збіраюць сродкі на фестываль з дапамогай краўдфандынгавай пляцоўкі Talaka.by. На сённяшні дзень сабрана 695 з 2.234 рублёў — каля 31% неабходнай сумы. Да завяршэння кампаніі застаецца яшчэ 13 дзён.

Для фестывалю Watch DOCs Belarus — 2016 было абрана тры тэмы: "Моладзь: барацьба за жыццё і годнасць" аб паводзінах падлеткаў у крытычных сітуацыях, "Усход — Захад: сутыкненне культур ці палітычныя гульні" аб ваенных канфліктах у Чачні, Афганістане і Сірыі, а таксама "Людзі, якія змяняюць свет" аб грамадскіх і палітычных актывістах, якія ідуць супраць сістэмы.

Акрамя кінапаказаў у межах форуму пройдуць дыскусіі "Як "злівы" змяняюць грамадства" з удзелам журналістак, якія працавалі з "Панамскім архівам", Холі Уэт (The Guardian) і Ганны Бабінец ("Слідство.Інфо"), "Праваабаронца: лад жыцця і лад дзеянняў" з беларускімі актывістамі ў галіне абароны правоў чалавека. Акрамя таго, госці фестывалю змогуць паўдзельнічаць у дэбатах пра сітуацыю з бежанцамі ў Беларусі, дзе будзе закранацца тэма грамадзян Чачні, якія ўжо некалькі месяцаў жывуць у Брэсце і спрабуюць трапіць у Еўрасаюз для атрымання прытулку, а таксама ў сустрэчы з аўтарамі фільма "Кіеў — Масква" рэжысёрам Аленай Хоравай і аператарам Андрэем Кісялёвым.

Падрабязная праграма паказаў і мерапрыемстваў апублікаваная на сайце фестывалю.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 4 снежня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/417/37879
Текущая дата: 20.11.2024