Белорусский портал в Казахстане

МЗС Беларусі: Альтэрнатывы мінскім дамоўленасцям па Украіне не існуе



МЗС заклікае "ўсіх зацікаўленых, міжнародную супольнасць, дзяржавы — удзельніцы АБСЕ кансалідаваць намаганні па падтрымцы мінскага мірнага працэсу і выкананню дасягнутых пагадненняў".

"Нягледзячы на вядомыя цяжкасці і выклікі, звязаныя з практычнай рэалізацыяй усяго комплексу мінскіх дамоўленасцяў, альтэрнатывы ім, як і іх добрасумленнаму выкананню ўсімі бакамі, сёння не існуе", — гаворыцца ў заяве МЗС Беларусі, прымеркаванай да гадавіны прыняцця дакумента.

"Роўна год таму лідарам нармандскай чацвёркі ў складзе Германіі, Расіі, Францыі і Украіны, якія сабраліся на сустрэчу ў беларускай сталіцы, удалося дамовіцца аб спыненні агню на ўсходзе Украіны і ўзгадніць дарожную карту мірнага ўрэгулявання крызісу, — адзначаецца ў паведамленні. — Гэты, бясспрэчна, гістарычны дакумент, які атрымаў назву "Комплекс мер па выкананні мінскіх пагадненняў", быў падпісаны ўсімі ўдзельнікамі трохбаковай кантактнай групы (ТКГ) і атрымаў падтрымку Савета бяспекі ААН. Тым самым быў нададзены магутны імпульс працэсу дээскалацыі канфлікту і пошуку мірнага ўрэгулявання ва Украіне".

У заяве адзначаецца, што трэба будзе яшчэ прайсці немалы шлях па ўсёабдымным урэгуляванні ўкраінскага крызісу, "аднак на коне не толькі жыцці і дабрабыт людзей, але і лёс усёй сістэмы еўрапейскай бяспекі". У гэтай сувязі МЗС заклікае "ўсіх зацікаўленых, міжнародную супольнасць, дзяржавы — удзельніцы АБСЕ кансалідаваць намаганні па падтрымцы мінскага мірнага працэсу і выкананню дасягнутых пагадненняў".

На думку МЗС, важкая роля ў гэтым працэсе належыць Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, якая "ўжо робіць значны ўнёсак у спрыянне перамовам у межах ТКГ і маніторынг імплементацыі мінскіх дамоўленасцяў, у першую чаргу праз дзейнасць Спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ ва Украіне".

Са свайго боку Беларусь "гатова і надалей рабіць усё магчымае для аднаўлення міру і спакою на зямлі братняй нам Украіны, умацавання стабільнасці і бяспекі ў рэгіёне АБСЕ ў цэлым".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 12 лютага 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/421/34243
Текущая дата: 17.05.2024