Белорусский портал в Казахстане

Навукоўцы змаглі даказаць, што ў першага "Буквара" беларускія карані



Гэта стала вядома дзякуючы даследаванням, якія ўдалося правесці ў Бібліятэцы Мідл Тэмпл у Вялікабрытаніі.

Айчынныя навукоўцы змаглі даказаць, што ў першага "Буквара" беларускія карані.Пра гэта паведаміў старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша.

Як расказаў Алесь Суша, у свеце захаваліся толькі два экзэмпляры гэтага ўнікальнага выдання "Буквара" 1618 года. Адзін з іх, няпоўны, знаходзіцца ў Даніі, у Каралеўскай бібліятэцы. А другі экзэмпляр - у Вялікабрытаніі, у Бібліятэцы Мідл Тэмпл, якая размяшчаецца ў гістарычным раёне Лондана Тэмпл, дзе калісьці мелі сваю рэзідэнцыю знакамітыя рыцары-тампліеры.

Гэта закрытая ўстанова, і трапіць туды ўдалося толькі праз паўгода перагавораў, падкрэсліў субяседнік. Аб існаванні гэтага выдання было вядома па ўскосных крыніцах англійскіх бібліёграфаў, але праверыць дакладнасць такога факта да гэтага часу ў беларускіх кнігазнаўцаў не было магчымасці.

"Ні ў аднаго з беларускіх даследчыкаў, ва ўсякім разе, з тых, што жывуць цяпер, раней не было магчымасці ўбачыць "Буквар" сваімі вачамі. На радзіме ні аднаго экзэмпляра не захавалася: іх проста "зачыталі да дзірак", як часта бывае з вучэбнымі выданнямі. Адна з тых кніг яшчэ ў пачатку XVII стагоддзя была вывезена ў Лондан калекцыянерам вучэбных выданняў Робертам Эшлі. У далейшым яна трапіла ў паўзакрыты для знешняга свету збор лонданскіх барыстараў (карпарацыю адвакатаў), дзе захоўваецца і сёння. Дзякуючы садзейнічанню брытанскіх беларусістаў, прафесараў Лонданскага ўніверсітэта, у мяне з`явілася магчымасць вывучыць гэты вельмі каштоўны помнік нашай культуры і нават зрабіць некаторыя копіі", - растлумачыў Алесь Суша.

Першая ў свеце кніга пад назвай "Буквар" была выдадзена 24 ліпеня 1618 года ў друкарні Віленскага Свята-Духава праваслаўнага брацтва. Гэта было адно з самых старажытных беларускіх выдавецтваў у Вялікім Княстве Літоўскім, якое выпускала нямала кніг на царкоўнаславянскай, старабеларускай і польскай мовах.

Да таго былі іншыя вучэбныя выданні, але менавіта гэта - першы "Буквар", падрыхтаваны сіламі манахаў. Хутчэй за ўсё, гэта была калектыўная работа. "Поўная назва выдання - "Буквар мовы славянскай". Гэта буквар царкоўнаславянскай мовы з азбукай, з малітвамі. Ён быў прызначаны навучыць не толькі грамаце, але і духоўнасці. Гэта выданне, меркавалася, будзе цікавым усяму славянскаму свету", - расказаў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі.

Ён дадаў, што займаючыся на працягу доўгага часу даследчай работай па тэме "Буквара", вывучаў шматлікія гістарычныя матэрыялы. "Як кнігазнаўца, вучоны магу дакладна сказаць, што пра больш старое выданне "Буквара" ў свеце цяпер невядома", - сказаў Алесь Суша.
Старажытны буквар
Спецыяліст атрымаў магчымасць зрабіць лічбавыя копіі "Буквара" 1618 года. Гэта дасць магчымасць аднавіць выданне ў выглядзе факсімільнага ў Беларусі. Сёння такая ідэя абмяркоўваецца. Акрамя таго, 2018 год можа стаць годам святкавання 400-годдзя першага ў свеце "Буквара", які мае беларускае паходжанне.

Да таго часу не выключана адкрыццё Музея Буквара ў Оршы, дзе, як вядома, працаваў Спірыдон Собаль, якому, як лічаць даследчыкі, належыць аўтарства ідэі выдання "Буквара".

Алесь Суша дадаў, што самы старажытны "Буквар" з тых, што захоўваюцца ў Беларусі, выдадзены ў 1767 годзе. Выпушчана яго факсімільнае выданне.

12 мая 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/438/35518
Текущая дата: 19.11.2024