Белорусский портал в Казахстане

Толькі рашучыя дзеянні могуць дапамагчы ў барацьбе з тэрарызмам



Такое меркаванне выказаў старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі Генадзь Давыдзька.

"Толькі рашучыя дзеянні могуць дапамагчы ў барацьбе з тэрарызмам", - такое меркаванне выказаў старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі Генадзь Давыдзька ў час тэлепраграмы "Клуб рэдактараў", паказанай 27 сакавіка ў вячэрнім эфіры канала "Беларусь 1".

"Я глядзеў рэпартажы аб тым, як у Бруселі крэйдамі малююць сэрцайкі. І ёсць такое меркаванне, што любоў, спачуванне, прыгажосць выратуюць свет. А мне ўсё ж такі здаецца, што толькі строгі парадак, толькі жорсткае пакаранне ўсіх, хто мае дачыненне, хто спачувае тэрарыстам, можа навесці парадак у гэтай справе", - сказаў Генадзь Давыдзька.

"Але нешта ўсё роўна не відаць нейкай рашучасці", - дадаў ён. Іншыя ўдзельнікі "Клуба рэдактараў" таксама выказалі меркаванні, што еўрапейскім уладам неабходна перагледзець структуру бяспекі і праявіць палітычную волю ў процістаянні тэрарызму.

"І талерантнасць, і дэмакратыю ў сутнасным плане палітыкам неабходна крыху інакш разумець. Гэта ж не значыць, што талерантнасць - шырока адкрытыя дзверы для тэрарыстычных актаў. А пакуль атрымліваецца так", - лічыць галоўны рэдактар газеты "Звязда" Аляксандр Карлюкевіч.

"Мяне вельмі абурала больш па эстэтычных меркаваннях, калі розныя групы еўрапейскіх палітыкаў вучылі беларусаў, як жыць, як паводзіць сябе, што рабіць, - адзначыў галоўны рэдактар газеты "СБ. Беларусь сегодня" Павел Якубовіч. - І ў гэтай сваёй гордасці, што яны дасягнулі разумення, як трэба жыць іншым, яны паставілі еўрапейскую цывілізацыю і асабіста сябе на грань падзей, аб якіх нават думаць не хочацца".

БЕЛТА, 28 сакавіка 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/443/34973
Текущая дата: 19.11.2024