Белорусский портал в Казахстане

Дні беларускай навукі 29—30 верасня праходзяць на "ЭКСПА-2015" у Мілане



Пра гэта паведаміла прэс-служба ДКНТ.

Беларускую дэлегацыю ў Мілане ўзначальвае старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Аляксандр Шумілін. 

Падчас мерапрыемства плануецца разгледзець пытанні навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва Беларусі, Італіі і краін — удзельніц сусветнай выставы і правесці прэзентацыю беларускага навукова-тэхнічнага і інавацыйнага патэнцыялу, абмеркаваць новыя праекты ў сферы нанатэхналогій, біятэхналогій, медыцыны і фармацыі, экалогіі і рацыянальнага прыродакарыстання. Акрамя таго, у межах візіту запланавана правядзенне шэрагу сустрэч і перамоў беларускай дэлегацыі з прадстаўнікамі навуковых арганізацый і ўстаноў Італіі, у тым ліку Міністэрства адукацыі, вядучых універсітэтаў і навуковых даследчых цэнтраў, навуковага парка "Сан Рафаэле" і лабараторыі Цэнтра мікрабіялогіі Італіі. 

У межах Дзён беларускай навукі пройдзе біржа дзелавых кантактаў "Інавацыйныя тэхналогіі для забеспячэння харчовай бяспекі і паляпшэння якасці жыцця" і навукова-практычныя форумы па найбольш перспектыўных кірунках навуковых даследаванняў. Беларускія вучоныя абмяркуюць з замежнымі калегамі вынікі навуковых даследаванняў па шэрагу кірункаў: сельская гаспадарка (новыя тэхналогіі жывёлагадоўлі, птушкагадоўлі, раслінаводства і рыбаводства); ахова навакольнага асяроддзя (экалогія чалавека, рацыянальнае прыродакарыстанне); харчовая бяспека (вытворчасць і захаванне высакаякасных прадуктаў харчавання); медыцына (дыягностыка і лячэнне захворванняў, звязаных з харчаваннем). 

У Нацыянальным павільёне Рэспублікі Беларусь на працягу двух дзён будзе дэманстравацца відэастужка "Беларусь інавацыйная" аб навукова-тэхнічных і інавацыйных распрацоўках беларускіх вучоных.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 29 верасня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/469/32759
Текущая дата: 19.11.2024