Пра гэта Пётр Парашэнка заявіў на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Еўракамісіі Жан-Клодам Юнкерам, якая адбылася 27 жніўня ў межах рабочага візіту Парашэнкі ў Бельгію.
Паводле слоў украінскага лідара, ёсць комплекс мінскіх дамоўленасцяў, якія трэба выконваць. "Хачу асобна падкрэсліць: не існуе і не будзе існаваць ніякага Мінска трэцяга. У нас існуе ўвесь комплекс мінскіх дамоўленасцяў... Іх трэба выконваць", — цытуе Парашэнку інфармагенцтва УНІАН.
Першыя мірныя дамоўленасці па Украіне былі дасягнутыя 5 верасня 2014 года падчас перамоў у Мінску кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ў рэгіёне.
Другое пагадненне, якое ўяўляе сабой комплекс мер па выкананні прынятых у верасні дамоўленасцяў, было прынятае ў Мінску 11—12 лютага 2015 года на саміце лідараў краін "нармандскай чацвёркі" — Германіі, Францыі, Украіны і Расіі.
26 жніўня ў Мінску прайшлі чарговыя кансультацыі трохбаковай кантактнай групы па Украіне з удзелам прадстаўнікоў асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей, а таксама перамовы ўсіх чатырох падгруп — па эканамічных, палітычных, гуманітарных пытаннях і пытаннях бяспекі.
Каментуючы вынікі перамоў, спецпрадстаўнік старшыні АБСЕ Марцін Сайдзік паведаміў, што падгрупа па палітычных пытаннях прадоўжыла "дыскусіі адносна закона аб асаблівым статусе і мадальнасцях правядзення мясцовых выбараў". Падгрупа па эканамічных пытаннях абмеркавала планаванне работы нямецкай экспертнай групы, якая будзе накіраваная на Данбас для вывучэння сітуацыі на двух аб`ектах водазабеспячэння (у Данецкай і Луганскай абласцях), якія забяспечваюць насельніцтва па абодва бакі ад лініі сутыкнення.
Падгрупа па пытаннях бяспекі прадоўжыла абмеркаванне пытання аб адводзе ад лініі сутыкнення ўзбраенняў калібрам менш за 100 мм і рэжыме яго верыфікацыі 27 жніўня. Пра вынікі яе работы не паведамляецца.
Анастасія Салановіч, БелаПАН
Мінск, 27 жніўня 2015
Мінск, 27 жніўня 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/473/32495
Текущая дата: 19.11.2024