Белорусский портал в Казахстане

Беларусь вітае дамоўленасці па іранскай ядзернай праграме, дасягнутыя "шасцёркай" міжнародных пасрэднікаў і Іранам у Вене



Пра гэта гаворыцца ў заяве Міністэрства замежных спраў.

"Знаходжанне кампрамісу па гэтым пытанні ўмацоўвае міжнародную бяспеку, не парушаючы права Ірана на развіццё мірнай ядзернай энергетыкі, і з`яўляецца яркім пацвярджэннем магчымасці вырашэння палітычнымі і дыпламатычнымі сродкамі нават самых складаных міжнародных крызісаў", — адзначае МЗС.

Беларусь спадзяецца, што бакі змогуць пераадолець "магчымыя ўнутрыпалітычныя перашкоды на шляху імплементацыі знойдзенага рашэння і не дапусцяць зрыву за кошт невыканання ўзаемных абавязацельстваў".

"Канчатковае ўрэгуляванне рознагалоссяў па іранскай ядзернай праграме і зняцце санкцый з Тэгерана будуць спрыяць павышэнню даверу, умацаванню рэжыму нераспаўсюджвання, а таксама забеспячэнню міру і стабільнасці ў рэгіёне і за яго межамі", — падкрэсліваецца ў заяве.

Іран і краіны "шасцёркі" (ЗША, Францыя, Вялікабрытанія, Германія, Кітай і Расія) дасягнулі пагаднення па іранскай ядзернай праграме ў абмен на адмену санкцый супраць Тэгерана.

Пагадненне павінна быць ратыфікаванае ўсімі бакамі і ўхваленае Саветам бяспекі ААН.

Зняцце забароны на пастаўкі зброі ў Іран павінна адбыцца на працягу пяці гадоў. Аднак пастаўкі будуць магчымыя са згоды Савета бяспекі ААН.

Прэзідэнт ЗША Барак Абама, які выступіў неўзабаве пасля аб`яўлення аб дамоўленасці, паведаміў, што Іран абавязаўся дэмантаваць дзве траціны дзейных цэнтрыфуг для ўзбагачэння ўрану і захоўваць іх пад міжнародным назіраннем.

Таксама, паводле яго слоў, Іран павінен будзе пазбавіцца ад 98% сваіх запасаў узбагачанага ўрану і згадзіцца на інспекцыі МАГАТЭ, "калі і дзе неабходна".

Кіраўнік Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) Юкія Амана паведаміў, што спадзяецца правесці поўную ацэнку ваеннага боку іранскай ядзернай праграмы да канца года.

Крызіс у адносінах паміж Іранам і краінамі Захаду ў сувязі з яго ядзернай праграмай доўжыцца ўжо 13 гадоў.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 15 ліпеня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/477/31968
Текущая дата: 18.11.2024