Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка возьме ўдзел у самітах ШАС і БРІКС



Аляксандр Лукашэнка плануе ўзяць удзел у самітах Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) і краін БРІКС, якія пройдуць 7—8 ліпеня ва Ўфе (Расія).

"Прэзідэнт Беларусі разам з дэлегацыяй будзе на мерапрыемствах ва Уфе, — паведаміла прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы Наталля Эйсмант. — Пакуль па праграме ўсё яшчэ ўдакладняецца. Час знаходжання і прылёту залежыць ад таго, якой будзе праграма. Мерапрыемствы вялікія, будзе шмат дэлегацый, таму і па праграме ёсць самыя розныя варыянты. Гэта ўсё яшчэ зараз у працэсе прапрацоўкі".

Беларусь на саміце спадзяецца атрымаць статус назіральніка ў ШАС — пра гэта, нагадаем, паведаміў кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей 8 чэрвеня ў Маскве на прэс-канферэнцыі па выніках сустрэчы са сваім расійскім калегам Сяргеем Лаўровым.

"Беларусь ужо на працягу пяці гадоў мае статус партнёра па дыялогу з ШАС. Мы зацікаўленыя ў тым, каб удзел Беларусі быў забяспечаны ў арганізацыі на больш высокім узроўні. Таму мы спадзяемся, што нам удасца ў хуткім часе забяспечыць прыняцце палітычнага рашэння аб павышэнні статусу Беларусі ў ШАС да назіральніка і завяршыць неабходныя прававыя фармальнасці", — сказаў Макей.

ШАС — рэгіянальная міжнародная арганізацыя, заснаваная ў 2001 годзе Кітаем, Расіяй, Казахстанам, Таджыкістанам, Кыргызстанам і Узбекістанам. За выключэннем Узбекістана ўсе гэтыя краіны з`яўляліся ўдзельніцамі "Шанхайскай пяцёркі", заснаванай у выніку падпісання ў 1996—1997 гадах пагадненняў аб умацаванні даверу ў ваеннай сферы і аб узаемным скарачэнні ўзброеных сіл у раёне мяжы.

БРІКС — група з пяці буйных краін, якія хутка развіваюцца: Бразілія, Расія, Індыя, Кітай, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка. Практычнае ўзаемадзеянне ў межах БРІКС пачалося ў верасні 2006 года, калі па ініцыятыве прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна "на палях" сесіі Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку адбылася першая сустрэча кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў у гэтым фармаце. Яе вынікам стала пацвярджэнне ўдзельнікамі зацікаўленасці ў развіцці шматпланавага чатырохбаковага супрацоўніцтва для фарміравання шматпалярнага свету.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 6 ліпеня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/479/31864
Текущая дата: 18.11.2024