Белорусский портал в Казахстане

Спецпрадстаўнік Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе ва Украіне Хайдзі Тальявіні пакідае гэтую пасаду



Пра гэта паведамляюць швейцарскія СМІ.

"Федэральны дэпартамент замежных спраў пацвердзіў у пятніцу вечарам паведамленне інфармацыйнага агенцтва SDA, агучанае швейцарскім тэлебачаннем: Тальявіні жадае спыніць сваю дзейнасць на пасадзе спецыяльнага прадстаўніка бліжэйшым часам. Аднак прычын ці дакладнага часу адстаўкі дэпартамент не ўдакладніў", — паведамляе інтэрнэт-рэсурс srf.ch. 

Грамадзянка Швейцарыі Тальявіні была прызначаная спецпрадстаўніком старшыні АБСЕ ва Украіне прыблізна год таму, у студзені 2015-га яе мандат прадоўжылі. Тальявіні прадстаўляла АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне. 

У кантактную групу ўваходзяць па адным прадстаўніку ад Украіны, Расіі і АБСЕ. У яе працы таксама ўдзельнічаюць прадстаўнікі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік. 

Паводле адной з версій, адстаўка Тальявіні звязаная са зрывам пасяджэння трохбаковай кантактнай групы ў Мінску 2 чэрвеня. У той дзень, нагадаем, у сталіцы Беларусі прайшлі пасяджэнні ўсіх чатырох рабочых падгруп, створаных у межах трохбаковай групы: па бяспецы, а таксама па палітычных, эканамічных і гуманітарных пытаннях. Па выніках іх працы планавалася сустрэча кантактнай групы, аднак пасяджэнне было перанесенае. Як заявіла Тальявіні журналістам, усе падгрупы "працавалі ў канструктыўным духу і па многіх пытаннях дасягнуты кансенсус". "Але гэта ўсё вельмі складаныя пытанні", — дадала яна. 

Усе сустрэчы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне праходзяць у закрытым рэжыме, таму ў СМІ паступае мінімальная інфармацыя пра ход перамоў. Паводле неафіцыйных звестак, 2 чэрвеня ў Мінску бакі не дасягнулі кампрамісу па шэрагу прынцыпова важных пытанняў, у тым ліку — аб унясенні зменаў у Канстытуцыю Украіны і правядзенні выбараў на Данбасе. У сувязі з гэтым Тальявіні і вырашыла перанесці абмеркаванне пытанняў папярэдне на 16 чэрвеня. 

Тым часам сітуацыя на паўднёвым усходзе Украіны ў апошнія дні рэзка абвастрылася. 5 чэрвеня МЗС Беларусі заявіў пра гатоўнасць арганізаваць экстранную сустрэчу трохбаковай кантактнай групы. "Нас не могуць не хваляваць парушэнні рэжыму спынення агню на паўднёвым усходзе Украіны, асабліва ў сітуацыі, калі ўжо запушчаны механізм рэгулярных прамых кансультацый, калі з`явілася надзея на знаходжанне пэўных развязак па ўсім спектры праблем, — заявіў прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства Дзмітрый Мірончык. — Беларусь гатовая зрабіць усё неабходнае для таго, каб бакі змаглі знайсці рашэнне спрэчных пытанняў не на поле бою, а за сталом перамоў. Калі для гэтага спатрэбіцца ў тэрміновым парадку арганізаваць правядзенне новых сустрэч трохбаковай кантактнай групы, рабочых груп ці ў любых іншых фарматах".

БелаПАН
Мінск, 7 чэрвеня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/483/31336
Текущая дата: 18.11.2024