Белорусский портал в Казахстане

Ва Ўсходнім партнэрстве будуць роўныя і раўнейшыя



Некаторыя ўдзельнікі сустрэчы міністраў замежных справаў у Брусэлі далі зразумець, што наступяць зьмены ў падыходзе Эўразьвязу да краінаў Усходняга партнэрства.

«Цяпер ясна, што мы павінны ўстанавіць розныя падыходы. Саміт Усходняга партнэрства ў Рызе дае магчымасьць падрыхтаваць розныя пакеты для краінаў-удзельніц. Мы павінны прызнаць, што кожная краіна мае сваю ўласную гісторыю і ўласныя мэты, і мы павінны прыняць і падрыхтаваць розныя пакеты», — сказаў перад сустрэчай міністар замежных справаў Чэхіі Любамір Зааралак.

Ягоны калега, міністар замежных справаў Польшчы Гжэгаж Схэтына, удакладніў: «Мы павінны знайсьці шлях — агульны шлях — для ЭЗ і для гэтых краін, нам трэба проста ведаць, што трактоўка трох краінаў — Грузіі, Малдовы і Ўкраіны — павінна адрозьнівацца ад стасункаў з астатнімі трыма — Армэніяй, Азэрбайджанам і Беларусьсю. Гэта цалкам натуральна». ​

Усходняе партнэрства — праект Эўразьвязу, скіраваны на паглыбленьне адносінаў з 6 краінамі былога СССР. Праект прадугледжвае падпісаньне з гэтымі дзяржавамі дамоваў пра асацыяцыю, стварэнне зоны свабоднага гандлю і паступовае фармаваньне адзінага рынку па прыкладзе таго, што ўжо існуе ў ЭЗ з такімі краінамі, як Нарвэгія, Ісьляндыя і Ліхтэнштэйн.

Абвяшчэньне праекту адбылося ў траўні 2008 году, а першы саміт краінаў-удзельніц праграмы «Ўсходняе партнэрства» прайшоў 7 траўня 2009 у Празе з удзелам Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны.

Бліжэйшы саміт Усходняга партнэрства пройдзе ў Рызе 21-22 траўня.

Радыё Свабода, 16 сакавіка 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/494/30115
Текущая дата: 18.11.2024