Аляксандр Лукашэнка паабяцаў прэзідэнтам Украіны і Расіі Пятру Парашэнку і Уладзіміру Пуціну арганізаваць сустрэчу ў нармандскім фармаце ў Мінску 11 лютага.
Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта Беларусі, 8 лютага ў Сочы Лукашэнка сустрэўся з Пуціным. Апошні праінфармаваў беларускага калегу пра тое, што адбылася размова з лідарамі Украіны, Германіі і Францыі ў нармандскім фармаце.
"Мы дамовіліся аб тым, што пастараемся арганізаваць сустрэчу ў такім фармаце ў Мінску. Будзем арыентавацца на сераду, калі да таго часу ўдасца ўзгадніць шэраг пазіцый, якія мы апошнім часам інтэнсіўна абмяркоўвалі", — зазначыў кіраўнік расійскай дзяржавы.
"Я прасіў бы вас дапамагчы нам правесці гэтую сустрэчу так, як вы рабілі гэта раней, ласкава выдзеліўшы пляцоўку для сустрэч на экспертным узроўні", — сказаў Пуцін, звяртаючыся да Лукашэнкі.
"Я ў курсе справы. Пётр Парашэнка патэлефанаваў мне некалькі хвілін таму", — зазначыў у сваю чаргу беларускі кіраўнік.
"Я запэўніваю вас, што дзеля таго, каб было спакойна ў нашым з вамі агульным доме, усё-такі гэта не чужыя нам людзі ў Данецку, Данбасе, ва Украіне, мы будзем у Беларусі рабіць усё для таго, каб выйсці з той сітуацыі, у якую яны трапілі", — заявіў Лукашэнка.
"Можаце не турбавацца за мерапрыемства ў Мінску, — зазначыў ён. — Мы арганізуем усё, прыязджайце".
Пуцін выказаў удзячнасць Лукашэнку за дзеянні па ўрэгуляванні крызісу ва Украіне, паведамляе прэс-служба.
Кіраўнікі Беларусі і Расіі абмеркавалі таксама пытанні развіцця інтэграцыйных працэсаў, у тым ліку ў межах Саюзнай дзяржавы, ЕАЭС.
Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 8 лютага 2015
Мінск, 8 лютага 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/500/29554
Текущая дата: 18.11.2024