У выніку разгону акцыі пратэсту ў Маскве было затрымана 255 чалавек. У дачыненьні да 70 з іх былі складзены пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэньнях.
Учора ўвечары на Манежную плошчу выйшлі некалькі тысяч чалавек, каб выказаць сваё абурэньне прысудам Аляксею і Алегу Навальным, а таксама ў цэлым палітыкай Крамля.
Людзі скандавалі як лозунгі ў падтрымку Навальнага, так і ў цэлым антыпуцінскія лозунгі, а таксама лозунгі ў падтрымку Украіны (напрыклад, «Слава Ўкраіне», «Рускія і ўкраінцы — браты навек»). Акцыя доўжылася каля двух гадзін. Каля 9-й вечара пачаўся разгон.
Расейская паліцыя выціснула з плошчы частку ўдзельнікаў несанкцыянаванага мітынгу, а іншых затрымала. Па дадзеных праваабарончага партала ОВД-Інфо, усяго было затрымана 255 чалавек. Большасьць з іх паліцыя адпусьціла без складаньня пратаколу. Каля 70 чалавек абвінавацілі ў адміністрацыйным правапарушэньні — «непадпарадкаваньні законнаму патрабаваньню супрацоўнікаў паліцыі».
На падыходзе да Манежнай быў затрыманы сам Аляксей Навальны, які знаходзіцца пад хатнім арыштам. Паліцыя пасля затрыманьня адвезла яго дадому. «Эхо Москвы» паведамляе, што новыя затрыманьні адбыліся на Манежнай плошчы сёньня раніцай.
Каля 20 чалавек, якія правялі ноч у канструкцыі, падобнай на ёлачны шар, былі дастаўлены ў аддзяленьне паліцыі. Прыхільнікі апазіцыі таксама выйшлі на вуліцу ў Санкт-Пецярбурзе.
Як паведамляе тэлеканал «Дождж», у «народным сходзе» прынялі ўдзел 1-2 тысячы чалавек.
Радыё Свабода
31 сьнежня 2014, Менск
31 сьнежня 2014, Менск
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/508/28846
Текущая дата: 17.11.2024