Аб гэтым, як паведамляе прэс-служба ўрада, заявіў віцэ-прэм`ер Пётр Пракаповіч на сустрэчы 26 лістапада з дэлегацыяй бізнесменаў Турцыі.
"Праз нашу краіну праходзяць газавыя, нафтавыя патокі, і яны сумеснымі намаганнямі з нашымі расійскімі калегамі могуць ператварацца ў вытворчасць высокатэхналагічнай хімічнай прадукцыі, якая мільярдамі сёння імпартуецца з іншых краін у Мытны саюз. Гэта таксама перспектыўны рынак", — падкрэсліў віцэ-прэм`ер.
Ён лічыць, што Беларусь і Турцыя павінны як мінімум падвоіць сваю долю ў імпарце краін будучага Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС). Абодва бакі зацікаўленыя ў тым, каб сумеснымі намаганнямі прасоўваць свае тавары, паслугі і веды на знешніх рынках, а таксама ў стварэнні сумесных прадпрыемстваў. Беларусі на тэрыторыі Турцыі было б выгадна адкрываць СП у такіх галінах, як машына- і трактарабудаванне. У сваю чаргу турэцкі бізнес можа ствараць у Беларусі прадпрыемствы па любых кірунках, якія цікавяць яго, сказаў Пракаповіч.
У найбліжэйшыя два-тры гады тавараабарот паміж краінамі можа вырасці як мінімум да 1 млрд. долараў, упэўнены віцэ-прэм`ер. "Думаю, гэта мінімальная лічба. У перспектыве мы можам значна нарасціць гэтую лічбу", — сказаў ён.
Паводле слоў Пракаповіча, хуткаму росту эканамічнага супрацоўніцтва паспрыяе добрая палітычная платформа. "У нашых двухбаковых адносінах наогул няма ніякіх праблем", — заўважыў ён. Немалаважна, што і Беларусь, і Турцыя паставілі перад сабой амбіцыйныя задачы па павелічэнні тэмпаў эканамічнага росту.
Як адзначаюць ва ўрадзе, турэцкая бізнес-дэлегацыя, якая наведвае гэтымі днямі Беларусь, — адна з самых прадстаўнічых за апошнія некалькі гадоў. У яе складзе бізнесмены, чыя сфера дзейнасці ляжыць у галіне транспарту, лагістыкі, марскіх і рачных перавозак, сувязі, вытворчасці бытавых тавараў і інш. Дэлегацыі найбольш цікавыя такія галіны, як будаўніцтва, нафтагазавая галіна, аўтамабільная прамысловасць. Вялікае значэнне надаецца таму, што беларускі рынак у перспектыве стане часткай агульнага рынку ЕАЭС.
Беларуска-турэцкі тавараабарот за апошнія некалькі гадоў падвоіўся. У 2009 годзе ён складаў 266 млн. долараў, у 2013-м — 580 млн. долараў.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 26 лістапада 2014
Мінск, 26 лістапада 2014
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/511/28427
Текущая дата: 17.11.2024