Белорусский портал в Казахстане

25 японскіх дзяцей, пацярпелых ад аварыі на АЭС "Фукусіма", пройдуць аздараўленне ў Беларусі



Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне аб выдзяленні сродкаў для арганізацыі адпачынку ў Беларусі японскіх дзяцей, пацярпелых ад аварыі на АЭС "Фукусіма".

Як паведамляе прэс-служба беларускага прэзідэнта, паводле дамоўленасцяў з японскім бокам, у Беларусі ў перыяд з 29 ліпеня па 9 жніўня 2013 года пройдуць аздараўленне 25 падлеткаў з Японіі. Адпачынак японскіх дзяцей будзе арганізаваны ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры "Зубраня".

Аналагічная гуманітарная дапамога была аказаная Японіі ў 2012 годзе, калі па запрашэнні прэзідэнта Беларусі 10 японскіх падлеткаў з рэгіёнаў, пацярпелых ад аварыі на АЭС "Фукусіма", у суправаджэнні двух дарослых адпачывалі і папраўлялі здароўе ў "Зубраняці". У праграму адпачынку былі ўключаныя адукацыйныя, аздараўленчыя мерапрыемствы. Падчас разнастайных экскурсій было арганізавана азнаямленне з гістарычнай і культурнай спадчынай Беларусі.

"З мэтай павышэння эфектыўнасці аздараўленчых мерапрыемстваў дзецям з Японіі прызначаліся розныя медыцынскія працэдуры. Ім таксама правялі ўльтрагукавое даследаванне шчытападобнай залозы", — адзначаецца ў паведамленні.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 9 ліпеня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3/541/22077
Текущая дата: 02.06.2024